Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › Pete-Paff: тэктанічныя пласты рухаюцца

Pete-Paff: тэктанічныя пласты рухаюцца

Піт Паўлаў: «У выніку шматгадовага руху тэктанічных пластоў пад тэрыторыяй Беларусі пачне ўтварацца новая геалягічная структура. Пэўна вядома, што пласты, якія рухаюцца, сустрэнуцца пад Менскам у дзень зімовага сонцастаяньня, на глыбіні каля 28 кілямэтраў, прыблізна ў раёне вуліцы Кастрычніцкай, КЗ „Мінск“ і стадыёну „Дынама“». ТГ друкуе высокамастацкае запрашэньне на канцэрт гурта Pete Paff 26 сьнежня.

Pete-Paff у Варшаве…Была яшчэ адна важкая падстава цешыцца: нават перад тым, як усе асацыяцыі замкнуліся на падарунках, ў зыркіх абгортках, колеру мары пра амэрыканскую мрою. Перад тым, як электрычнасьцю запаліліся ледзяшы і незаўважныя ўлетку елкі. Перад тым, як яны адкінулі рухомыя жарынкі ў куламесу зімовых лужынаў, пад ногі месьцічам, што змарылі сябе клопатамі пра гэтак блізкія сьвяты. Яшчэ перад тым, як стацца цытрусовым і хваёвым, бліскавічным і растратным, канец сьнежня быў доўгачаканым і сьвяточным. Ён быў калядным: дзень зімовага сонцастаяньня ўдарна сьвяткавалі не адзін тыдзень, ведаючы пра пачатак новага жыцьця, новага году, няўхільнае набліжэньне вясны, адчуваючы ўсім жывым, як сьвятло ўбіраецца ў моц, дні даўжэюць, цяпло - бліжэй.

У калядны вечар варта быць з сваякамі, крэўнымі, блізкімі людзьмі, каб чытаць у вачох тых, хто побач, захоплены позірк, поўны трапяткога прадчуваньня руху льдоў. Вядома таксама месца, дзе лепей за ўсё знаходзіцца ў адзін з гэткіх калядных вечароў – 26 сьнежня.

- У гэты час спаткаліся паганскія каляды, рымскія і хрысьціянскае Раство Хрыстовае, - распавядае музыка Піт Паўлаў, лідэр капэлі Pete-Paff, - але мала хто ведае, што 26 сьнежня 2007 году мае адбыцца часавы пераход: найгалоўнае адбудзецца менавіта тады. У гэты дзень можна будзе назіраць ссоўваньне ў часе і ў прасторы: у выніку шматгадовага руху тэктанічных пластоў пад тэрыторыяй Беларусі пачне ўтварацца новая геалягічная структура. Пэўна вядома, што пласты, якія рухаюцца, сустрэнуцца пад Менскам у дзень зімовага сонцастаяньня, на глыбіні каля 28 кілямэтраў, прыблізна ў раёне вуліцы Кастрычніцкай, КЗ «Мінск» і стадыёну «Дынама». У сваю чаргу 26-га сьнежня хвалі ад сутыкненьняў выйдуць на паверхню зямлі і стануцца адчувальнымі кожнаму з нас. Менавіта таму мы пастанавілі найбольш слушным перанесьці наш калядны канцэрт з 24-га на 26-ае сьнежня, каб, згуртаваўшыся разам, мы здолелі на ўсіх узроўнях успрыняцьця адчуць надыход новага часу.

Вось яшчэ адна немалаважная нагода правесьці вечар 26-га ня дома ля тэлевізара, а ў малой залі КЗ «Мінск» – «Сьнежны» канцэрт капэлі Pete-Paff. Лірычныя матывы разьвітаньня з 2007-м годам! Гарачыя танцавальныя рытмы хуткага спатканьня з годам 2008-м! Пашыраны склад гурта на сцэне - сапраўдны аркестр зь вядомых беларускіх музыкаў, калярытных пэрсанажаў айчыннае музычнае сцэны: Піт Паўлау, Андрэй Сапоненка, Яраш Малішэўскі, Алезіс Дземідовіч, Масуд Талібані ды іншыя…

Думается, что яскравыя кампазыцыі Pete-Paff у глыбокіх, жывых, сапраўды музычных аранжаваньнях здольныя прымусіць рытмова рухацца ня толькі абцасы гледачоў, але й тэктанічныя пласты на глыбіні 28 кілямэтраў пад зямлёю. Такім чынам, што можа надарыцца падчас канцэрту - аднаму Богу ведама.

Калісьці, яшчэ да савецкага шампанскага ў «блакітных вагеньчыках» жыла ўрачыстасьць аднаўленьня, абуджэньня, уваскрашэньня. Так было й будзе: зімовае сонца павернецца ў бок вясны, незалежна ад ўдачы зарэзэрваваць у сьвяточную ноч столік найдаражэйшае кавярні, што на цэнтральнай вуліцы места.

Квiткi на «Калядны» канцэрт капэлы Pete-Paff, што адбудзецца 26 сьнежня ў малой залі КЗ «Мінск» можна замовiць праз тэлефоны: (017) 284-30-54, (029) 610-88-72 і (029) 688-61-74.

Прэс-служба выканаўцы

Апублікавана 20.12.2007 by  Андрэй.