Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › NRM запісаў новую вэрсію Трох Чарапах

NRM запісаў новую вэрсію Трох Чарапах

27 снежня ў сядзібе Партыі БНФ у Мінску адбылася прэм'ера новага фільма польскага рэжысёра Міраслава Дэмбінскага "Музычная партызанка". Фільм расказвае пра жыццё забароненых у Беларусі рок-выканаўцаў.

Дэмбінскі: У маім новым фільме паказаны дурны і смешны твар рэжыму

А каб было яшчэ больш смешна, усё, што адбываецца ў фільме, каментуюць Лявон Вольскі і Піт Паўлаў. Еўрарадыё паразмаўляла з вядомым польскім рэжысёрам Міраславам Дэмбінскім.

Здымкі “Музычнай партызанкі” Дэмбінскі рабіў з траўня 2005 года да сакавіка 2006 года. Увесь гэты час рэжысёр правёў з беларускімі рок-музыкамі.

— Пра што ваш новы фільм?

— Гэта фільм пра маладых беларусаў, якія змагаюцца за свабоду і дэмакратыю, змагаюцца з рэжымам Лукашэнкі — і ў тым фільм падобны да свайго папярэдніка “Уроку беларускай мовы”. Тэма застаецца нібыта тая ж, але яна крыху інакш пададзена. У тым фільме быў паказаны страшны, грозны твар рэжыму, а тут — дурны і смешны. Проста з дапамогай музыкі, іроніі, гумару і іранічнай дыстанцыі да рэчаіснасці гэтыя маладыя людзі паказваюць абсурдны бок той сітуацыі, у якой жывуць. Мне падаецца, што музыка — вельмі грозная зброя для кожнага рэжыму, таму што калі людзей на вуліцах, на дэманстрацыі можна пабіць ці пасадзіць, то музыку арыштаваць немагчыма. Яны нават за кратамі, там, на Акрэсціна, працягвалі спяваць. Мне падаецца, у гэтым галоўны пасыл фільму.

— Чаму тэма Беларусі для Вас такая цікавая?

— Мне падаецца, што гэтая тэма агульна цікавая, таму што сітуацыя ў Беларусі – выключная для Еўропы. Уся Еўропа імкнецца да дэмакратыі і свабоды, новыя краіны далучаюцца да Еўрасаюза, ідучы акурат гэтым шляхам, а Беларусь застаецца апошнім анклавам таталітарнай сістэмы і грамадства ў Беларусі не мае магчымасці жыць у тых жа самых умовах, у якіх жыве ўся Еўропа. У такім сэнсе гэта цікава. У мяне ёсць яшчэ дадатковы асабісты матыў: я параўноўваю сённяшнюю сітуацыю ў Беларусі з тым, што было ў Польшчы 25 год таму ў часы камунізму, і бачу шмат аналогій паміж гэтымі светамі. І для мяне гэта свайго кшталту вяртанне да маладосці, бо мне было тады столькі ж год, колькі сёння маім героям. Як я калісьці па-рознаму спрабаваў змагацца з той сістэмай, так сёння спрабую апісаць іх барацьбу. Таму для мяне гэта вельмі цікава.

— На Ваш погляд, ці могуць такія фільмы дапамагчы дэмакратыі ў Беларусі? Ці яны хутчэй для іншаземцаў, якія не ведаюць, што тут адбываецца?

— Напэўна, калі б я не верыў, што ў іх ёсць сэнс, я б гэтых фільмаў не рабіў. Я перакананы, што трэба распавядаць пра тое, што адбываецца ў Беларусі, – і што гэта таксама дапамагае і самім беларусам, бо людзі, ведаючы сітуацыю, могуць нейкім чынам рэагаваць, выказваць сваю салідарнасць, дапамагаць, спрабаваць неяк ціснуць на беларускую ўладу. Да таго ж мне падаецца, што такія фільмы важныя і для беларускіх гледачоў, таму што ў Беларусі ў большасці існуе толькі адна праўладная праўда, лукашэнкаўская праўда. Мае фільмы паказваюць свет з зусім іншага пункту гледжання — і таму важныя, бо даюць альтэрнатыўны погляд на рэчаіснасць.

— А ці будзе ў гэтым фільме галоўны герой, кшталту Франака Вячоркі ва “Уроках беларускай”?

— Так, схема пабудовы фільма засталася дакладна той жа, і гэтым разам апавядальніцай будзе маладая дзяўчына Света, былая вакалістка гурта “Тарпач”, якая нібы вядзе нас па ўсёй гісторыі фільма, па канцэртных маршрутах, у якіх яна ўдзельнічала. Гэтыя канцэрты, на якіх з музыкамі падарожнічала камера, і з’яўляюцца асноўным сюжэтам фільма. Таксама ў гэтай працы ёсць і дадатковая структура: прысутнічаюць такія два каментатары — Лявон Вольскі і Піт Паўлаў з “N.R.M.”, — якія выступаюць у ролі іранічных апанентаў Светы і даюць свой каментар адносна беларускай сітуацыі – іранічную пахвалу сістэме, якую стварыў Лукашэнка, — і гэта дадае пэўны гумар усяму фільму. Гэтым ён адрозніваецца ад папярэдняга.

Дарэчы, адмыслова да фільма гурт "N.R.М." запісаў новую версію песні “Тры чарапахі”, якая і стала галоўным саўндтрэкам.

Мара Нальшанская, Віталь Малькевіч

Апублікавана 28.12.2007 by  Андрэй.