Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › Адам Глёбус. Рок-канцэрт у касьцёле

Адам Глёбус. Рок-канцэрт у касьцёле

Літаратар Адам Глёбус згадвае пра адну з самых яскравых падзеяў у беларускай музыцы ў 2007 годзе – канцэрт-памяці Анатоля Сыса, што зладзіў інтэрнэт-партал «Тузін Гітоў» пры падтрымцы БМА-груп у Чырвоным касьцёле: «Рок-канцэрт у касьцёле! Хто мог падумаць? Каму не хапала рок-музыкі пад касьцельнымі скляпеньнямі? Мне!»

Задумаў я той канцэрт трыццаць гадоў назад, седзячы пад скляпеньнямі, у касьцёле Ўсьпеньня Дзевы Марыі. Тады мала хто бачыў у паўразбураным баракальным будынку касьцёл. Для мясцовых уладаў гораду Мсьціслаўля гэта быў помнік архітэктуры, у якім зьбіраюцца адчыняць мастацкі музэй. Для тамтэйшых гандляроў ён быў складам для гародніны, пограбам, дзе квасілася капуста і ладзілася засолка агуркоў. Старадаўнія сьцены пасівелі ад солі. Перамалёўваючы анёлаў з музычнымі інструмэнтамі, я думаў пра рок-музыкаў. А калі сваім калегам-рэстаўратарам я прапанаваў замест музэя зрабіць канцэртна-танцавальную залю, яны не зразумелі мяне. Ня час. Тады быў час высяляць гандляроў салёнымі памідорамі з касьцёльных сутарэньняў, час рабіць дакумэнтацыю на аднаўленьне будынка зь ягонымі вежамі, калёнамі і сьценапісам. Але менавіта ў той час я задумаў свой рок-канцэрт у касьцёле.

Сто семдзесят пяць гадоў назад пабачыў сьвет раман «Сабор парыскай Божай Маці». Пачынаецца твор з развагі пра слова АNАГКН — РОК па-грэцку. Слова «рок» нарадзіла раман-сабор, так перакананы аўтар — Віктор Гюго. Нам застаецца паверыць яму, паверыць і прыняць той факт, што з таго часу кніга стала саборам.

Хвалі ўсёзьнішчальных войнаў і людажэрных рэвалюцыяў пракаціліся па сьвеце. Разьятраныя натоўпы паўвар'ятаў руйнавалі цэрквы і разьбівалі званы, палілі абразы. У запале сваёй рэвалюцыйнасьці і ваяўнічасьці вылюдкі ладзілі на плошчах і спальваньне кніжак. Палымнелі саборы і гарэлі кнігі, рэчаіснасьць курчылася ў вагні. Зямля прагна піла чалавечую кроў. Ап'янеўшы ад вогненасьці і крывавасьці, зямля засынала.

Маё пакаленьне прыйшло ў сьвет, дзе халодныя руіны сабораў пазіралі на людзей чорнымі прагаламі павыбіваных вокнаў. Мы глядзелі на саборы, а саборы глядзелі на нас і ня бачылі нас. Трэба было зайсьці ў руіны і запаліць там сьвечку, ці хоць бы лямпачку павесіць. А пад той лямпачкай трэба было засьпяваць. Мы засьпявалі рок. Мы аднавілі саборы. Мы выйшлі на плошчы і стадыёны. Мы стварылі новыя дзяржавы, лепшыя за папярэднія. Мы пражылі жыцьцё са сваёй песьняю.

У сьвет прыйшлі новыя пакаленьні. Шмат найлепшых з маіх раўналеткаў адплыло ў вечную цішыню. Нашыя дзеці ходзяць у адноўленыя саборы, а нашых унукаў ужо ніхто не сьпяшаецца хрысьціць. І цяпер мне прапанавалі правесьці рок-канцэрт у касьцёле. Канцэрт прысьвечаны памяці аднаго з найлепшых маіх паплечнікаў, паэта Анатоля Сыса. Гэта — рок.

Былі запрошаны найлепшыя з нашых рокераў: Лявон, Кася, Руся, Хаменка і Памідораў. Чаму так мала? Каб не хапіла! Песьняў было ня шмат. Зноў жа-ж, каб не хапіла, каб усе востра адчулі, як не хапае нам паэзіі, шчырасьці, праўды, песьні, музыкі і свабоды.

Канцэрт праходзіў цяжка.

Складанасьці пачаліся з-за журналістаў, якія прызвычаіліся зарабляць свае трыццаць рублёў, пішучы пра забароненыя ўладаю мерапрыемствы. «А ці не забароняць ваш рок-канцэрт?» — «А ці ня прыдуць міліцыянты ў касьцёл?» — «А ці адпавядае паэзія вальнадумца Сыса касьцёлу?» — «А ці прагучаць пад хрысціянскімі скляпеньнямі ягоныя вершы накшталт такога: які ж тады Бог, калі служкі — зьвяры?» «А праўда, што вершы Сыса выкінулі са школьнай праграмы за тое, што ён уваходзіў у суполку «Тутэйшыя»?» Правакатараў зь іх гнюснымі пытаньнямі я пасылаў да чорта. Абрыдлі яны мне. Я іх пасылаў, а яны лезьлі і лезьлі. Яны вырасталі проста з-пад зямлі, і нават, калі я ўжо ішоў на сцэну, недарэчныя пытаньні ўсё яшчэ ляцелі мне ў сьпіну. Складанасьці зь недарэчнымі пытаньнямі журналістаў зусім і не складанасьці ў параўнаньні з капрызамі і паводзінамі рокераў.

Кася не хацела спяваць першай. Я настойваў, бо толькі адзін радок мог задаць патрэбную танальнасьць усяму рок-канцэрту, радок «Надта хочацца ў вырай, мая белая лебедзь!». Настаяў. Кася пагадзілася — з адной умоваю, што мы пачакаем, калі ўсе расьсядуцца, бо для гэтага радка патрэбна поўная цішыня. Таму і канцэрт пачаўся са спазненьнем.

Капрызы Русі ляжалі ў іншай плоскасьці, ёй не падабалася, што вакол яе круцяцца жанатыя мужчыны. Заляцаньні і нават простая ўвага жанатых мужчын яе раздражняла. Раздражнёная рок-сьпявачка — рэч небясьпечная. Зь ёй трэба абыходзіцца тактоўна і асьцярожна, а дзе ўзяць тактоўнасьць, калі ўсе навокал узбуджаныя і нэрвовыя? Лявон не зрабіў песьню на словы Сыса. «Я спрабаваў, а ў мяне нічога ня выйшла! І што, калі песьні ня будзе? Я ж прыйшоў, я буду сьпяваць… У нас жа не дзяржаўнае мерапрыемста з зацьверджаным сцэнаром?..» Добра, што мы былі ў касьцёле, дзе нельга лаяцца. Добра, што Кася згадала песьню, якую некалі даўно яна сьпявала разам зь Лявонам. Добра, што Лявон сеў у кутку і аднавіў тую песню. Майстра.

У Хаменкі было жаданьне праспяваць ня тры песьні, а шэсьць. Алег ніяк ня мог зразумець, чаму гэта я не хачу паслухаць шэсьць ягоных кампазыцыяў. Ня ведаю, ці зразумеў ён мяне, ці проста пагадзіўся.

Ну а Памідораў не прыйшоў на рэпэтыцыю. Ён нават на канцэрт ледзь не спазьніўся. Прыехаў злы і растроены. Нешта-нейкае не склалася ў ягоным побыце. Але ж у кожнага з нас нешта нейкае заўсёды не складаецца. Ды трэба ўсё адно сьпяваць сваю песьню і расказваць сваю гісторыю.

Я расказваў гісторыю, а рок-н-рольшчыкі сьпявалі. Рок-канцэрт у касьцёле прайшоў выдатна. Галоўнае: усе востра адчулі, як нам не хапае паэзіі, шчырасьці, праўды, песні, музыкі і свабоды.

Адам Глёбус, для naviny.by

Апублікавана 28.12.2007 by  Андрэй.