Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіАртыкулы › Таццяна Заміроўская: N.R.M. выдаў найвыдатнейшы альбом

Таццяна Заміроўская: N.R.M. выдаў найвыдатнейшы альбом

Музычныя вынікі 2007 года ад Змітра Падбярэзскага і Таццяны Заміроўскай

Еўрарадыё разабрала па палічках мінулы музычны год у Беларусі разам з музычынымі крытыкамі Змітром Падбярэзскім і Таццянай Заміроўскай. Атрымалася, што самай удалай музычынай падзеяй крытыкі палічылі закрыты фестываль “Вольнае паветра”, і абодва выказаліся за правядзенне “Рок-Каранацыі”.

Беларуская музыка, год 2007:

Еўрарадыё: Хацелася б пачуць ад кожнага тры самыя важныя падзеі ў музычным свеце Беларусі за мінулы 2007 год…

Таццяна Заміроўская: Я магу пачаць. Асабіста для мяне першае – гэта фестываль Be2gether у Літве, бо гэта быў першы раз, калі беларускія гурты, якія мне больш за ўсё падабаюцца, выступалі з сусветна вядомымі гуртамі, якія, дарэчы, мне таксама вельмі падабаюцца. Было, напрыклад, вельмі прыемна глядзець, калі гурт “Therapy?” пасля майго з імі інтэрв’ю пайшоў глядзець на выступ гурта “Ляпис Трубецкой”. Я ім проста расказала, якія яны крутыя… І вось гэтае зліццё агульнавядомага кантэксту з беларускім магло атрымацца даволі трагічным, а выйшла проста крута! Гэта мяне насамрэч натхніла на тое, што ўсё будзе не так дрэнна, як мне падавалася раней.

Другое – тое, што ўсе тыя, хто ствараў беларускі рок, выдалі проста выдатнейшыя альбомы ў 2007 годзе. І “Крама”, і “NRM”, і “Нейра Дзюбель”, і “Ляпісы”.

Трэцяе – мабыць, гэта фестываль “Вольнае паветра”, бо там была такая атмасфера, якую я за апошнія некалькі гадоў нідзе не адчувала. Асабліва на “Басовішчы”…

ЕРБ: Зміцер, а для Вас?

Зміцер Падбярэзскі: Для сябе першае, што адзначу, – 10-годдзе “Народнага альбома”. Гэта падзея, якая будзе на працягу многіх гадоў вызначаць некаторыя тэндэнцыі развіцця беларускай музыкі. Не проста ўпершыню ў Беларусі прадстаўнікамі розных музычных калектываў была створаная нейкая канцэптуальная праграма. Наколькі я ведаю, нават у нашых бліжэйшых краінах-суседзях няма нічога падобнага.

Другой падзеяй я б назваў той самы паход рок-музыкаў у Адміністрацыю прэзідэнта. Можна, канешне, спрачацца наконт таго, наколькі гэта патрэбна было, але ж ізноў-такі сам гэты факт хаця б нейкі час будзе вызначальным для многіх падзеяў у беларускай музыцы. Сама сустрэчы адбылася, аднак што за ёй будзе, апрача такіх фактаў, як арганізацыя канцэртаў і траплянні ў ратацыю на радыёстанцыях, ніхто пакуль дакладна сказаць не можа. Хоць, на маю думку, нічога такога дрэннага гэтыя музыкі не зрабілі!

Трэцяе – таксама “Вольнае паветра”. Таму што вельмі добра, што прайшоў не тое каб лакальны фестываль, але вельмі прыемны канцэрт на адкрытым паветры без усялякіх там забаронаў. Людзі маглі паводзіць сябе так, як хацелі, і ніхто за гэта не караў і не крычаў што-небудзь накшталт “не сядзіце тут” ці “сюды нельга!” Ну, і сама музыка на сапраўды вольным паветры для мяне асабіста ўспрымалася цалкам па-іншаму ў параўнанні з закрытымі пляцоўкамі.

Хто зоймецца адукацыяй “крупскіх пацаноў?”

ЕРБ: Ну, калі вы абодва закранулі пытанне “Вольнага паветра” – пытанне: чаму тая музыка, якая з’яўляецца мэйнстрымам і мае даволі шырокую аўдыторыю ў Еўропе, у Расіі і Украіне, ў Беларусі з’яўляецца элітарнай і закрытай? Прычым большасць людзей проста не ведае пра яе.

Т.З.: Я лічу, што наогул нельга задавацца пытаннямі кшталту: чаму там усё добра, а ў нас неяк усё па-іншаму і нейкая іншая аўдыторыя? У нас проста маленькая краіна – нас наогул мала. Я не думаю, што існуюць нейкія там інфармацыйныя хібы, куды правальваецца музычная інфармацыя. Напрыклад, усе, каго я ведаю і хто цікавіцца музыкай, яны былі на “Вольным паветры”. Нягледзячы на тое, што фэст быў закрытым, усе, хто хацеў туды патрапіць, з маіх знаёмых туды патрапілі. Усім было добра, і ўсё было выдатна. А вось якраз на фэсце ў Крупках было вельмі шмат “нармальных рэальных пацаноў”, якія крыху сапсавалі усім настрой. Канешне, кепскіх “пацаноў” трэба адукоўваць, але не з музыкі пачынаць, а з самай калыскі.

ЕРБ: Атрымліваецца, што для Беларусі самы лепшы фармат – закрыты канцэрт?

Т.З.: Любы добры фестываль павінен быць у чымсьці закрытым і ў чымсьці прыватным. Бо гістарычна, калі ўзгадваць сусветны кантэкст, мы можам заўважыць, што самыя легендарныя канцэрты, клубы і вечарыны былі менавіта закрытымі. І тое, што трапіць на іх мог не кожны, і абумоўлівала паспяховасьць гэтых мерапрыемстваў.

ЕРБ: Зміцер, тады да Вас пытанне. Чаму “Вольнае паветра” ўдалося, хаця і было закрытым мерапрыемствам і было не для ўсіх, як гэта было ў Крупках?

З.П.: Тут можна спасылацца на тое, што ў Беларусі няма традыцыі правядзення падобных фестываляў. Хаця я лічу, што ў нас іх проста мала. Справа ў тым, што на канцэртах кшталту “Дажынак” выступаюць калектывы, для якіх музыка – гэта толькі праца, і нічога больш. І таму тое, што яны выконваюць, не чапляе людзей. Вось калі людзі ўсё ж такі сутыкаюцца з сапраўднымі музыкамі, якія сваёй музыкай перадаюць і расказваюць пра пачуцці, – узнікае непаразуменне. І я думаю, што калі “Вольнае паветра” праводзілася б у тых жа Крупках, то некаторыя з тых “пацаноў” пачалі б задумвацца, а некаторыя проста не прыходзілі б. Ну і дзякуй Богу!

Парады маладым гуртам: работайце, работайце, работайце…

ЕРБ: У Беларусі склалася такая сітуацыя, што маладыя гурты не ведаюць, куды ісці са сваім прадуктам. Зразумела, канешне, што трэба працаваць, аднак хочацца пачуць, што параяць маладым айчынным музыкам Зміцер Падбярэзскі і Таццяна Заміроўская.

Т.З.: Адразу ж скажу, што першае, што трэба рабіць – гэта даваць як мага больш канцэртаў! Калі няма магчымасці выступаць на буйных фэстах, граць у клубах. Калі там зачынена, – даваць “кватэрнікі”. Можна яшчэ рабіць выязныя канцэрты ў лесе, яшчэ можна выступаць на закрытых заводах (гэта, дарэчы, шмат хто рабіў). І менавіта такім чынам шукаць сабе публіку. Тады праз год такога канцэртавання ў вас будзе 500 фанатаў, якія пойдуць за вамі куды заўгодна. Канкрэтныя прыклады тых, хто ў Беларусі так рабіў, - “Гурзуф”, “Серебряная свадьба” і “Фляўс і Кляйн.”

ЕРБ: Атрымліваецца, што самая правільная для Беларусі канцэпцыя – гэта work band (працоўны калектыў)?

Т.З.: Так. І ёсць яшчэ такая папулярная памылка маладых камандаў, што трэба запісаць альбом і аднесці яго на радыё. Ды нікому не патрэбная ваша фанаграма! Ну, хто праслухае вашу песню на радыё? Некалькі бабуляў і чыесьці бацькі? Нармальныя людзі, якую будуць вас слухаць, не слухаюць айчыннае радыё, бо там няма вартай іх музыкі. Таму трэба кантакт з публікай “твар да твару”.

ЕРБ: Зміцер, а Вы што параіце маладым музыкам?

З.П.: А я не хацеў бы нічога раіць, бо калі людзі пачынаюць займацца музыкай, то яны павінны самі для сябе вырашыць, чым гэта для іх будзе – ці то часовым захапленнем музыкай, ці то нейкай стратэгічнай мэтай. Таму што калі паглядзець на маладыя калектывы, то больш за тры гады жывуць з 10 гуртоў не больш за адзін-два. І, па сутнасці, большасць з людзей, якія бяруць у рукі інструменты, проста цікавяцца музыкай, а з цягам часу пачынаюць збіраць маркі ці разводзіць рыбак. Таму першыя два гады каманда павінна граць дзе заўгодна, перад любой публікай, нават без ганарараў, проста граць і назапашваць вопыт. І толькі з цягам часу ставіць перад сабою іншыя мэты, такія, як запіс альбому.

ЕРБ: Зараз рыхтуецца “Рок-Каранацыя-2007.” Можа стацца так, што з-за пэўных абставін там не будуць выступаць мэтры айчыннага року. Ці варта тады наогул праводзіць такое мерапрыемства?

З.П.: Праводзіць трэба нягледзячы ні на што! Проста сама па сабе “Рок-Каранацыя” – гэта далёка не апошняя падзея ў Беларусі. Да таго ж, гэты год быў вельмі плённы, і вызначаць, хто перамог, у некаторых намінацыях будзе вельмі цяжка.

Т.З.: Я таксама за тое, каб праводзіць. Узгадваючы, хто і што выдаў у 2007 годзе проста цікава паглядзець на бітву тытанаў. На мой погляд, сёлетняя “Каранацыя” павінна нечым нагадваць 96-ы і 97-ы год, калі за карону біліся сапраўды вартыя гурты і альбомы. Вось апошнія “Каранацыі” мяне проста ўводзілі ў нейкі дэпрэсіўны стан…

Будучыня беларускай музыкі за…

ЕРБ: Сапраўды цікава, што ж нарэшце будзе на гэтай “Рок-Каранацыі”. Але ў мяне такое пытанне: за чым будучыня беларускай музыкі?

Т.З.: За намі! За мной і за Змітром Падбярэзскім!

З.П.: Не, за мной толькі мінулае…

Т.З.: Тады за мной будучыня!

ЕРБ: Ага, я так разумею, што можна пасля гэтага скончваць размову… Тым не менш, на Ваш погляд, якія стылі будуць мэйнстрымам у Беларусі праз два гады, праз пяць год?

З.П.: Насамрэч, загадваць на будучыню – няўдзячная справа. Аднак я думаю, што будзе пашырацца тэндэнцыя звароту музыкаў да фальклору. А мэйнстрым будзе за такім класічным рокам, нешта такое, што робіць зараз “Крама”. Маладыя будуць граць модную музыку, з цягам часу сталець і пераходзіць на больш асэнсаваную, хоць і не настолькі модную музыку.

Т.З.: Мне падаецца, што беларуская музыка, і асабліва маладая, у бліжэйшым будучым набудзе яшчэ большую сімбіятычнасць. Таму што зараз відавочная тэндэнцыя зліцця музыкі з тэатрам, з літаратурай, з перформансамі, з модай. Прычым развіваецца гэта ўсё больш і больш сур’ёзна. І, канешне, кіно. Нават зараз шмат хто з беларускіх гуртоў піша музыку для кіно, напрыклад, “Без Білета”.

Забаўляйце адзін аднаго, ці З кожнага па альбому!

ЕРБ: Дзякуй за адказы, і тады апошняе. Уявіце, што ў Вас ёсьць магчымасць звярнуцца да людзей. Што б Вы ім сказалі?

Т.З.: У мяне ёсць апакаліптычны зварот, які ня так даўно прачытала ва ўкраінскім часопісе “Наш”. Там быў матэрыял пра тое, што праз 5 год будзе Апакаліпсіс, і ўсе мы знікнем. Аўтар, спадар Цвяткоў, сцвярджае, што ўсім людзям трэба перагледзець свае адносіны да ўсяго і пачаць жыць так, нібыта праз 5 год нічога не здарыцца. Дык вось там быў апошні радок, які зараз вызначае ўсё маё жыццё: усе людзі браты, і мы павінны забаўляць адзін аднаго на працягу апошніх для нас 5 гадоў!

ЕРБ: Класссссс…..

Т.З.: Вось, забаўляйце адзін аднаго, і потым нічога не будзе!

З.П.: У працяг Таніных думак, я б хацеў, каб на працягу гэтых пяці гадоў перад Апакаліпсісам кожны з нашых слухачоў запісаў хоць бы адзін сольны альбом! Які заўгодна, таму што ўсё роўна гэта будзе працаваць на будучыню беларускай музыкі. Ну, і на тую музыку, якая ўзнікне пасля Апакаліпсісу…

Зміцер Траўчук

Апублікавана 18.01.2008 by  Андрэй.