Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › N.R.M. заяўлены ў канцэртную частку Рок Каранацыі

N.R.M. заяўлены ў канцэртную частку Рок Каранацыі

Напярэдадні арганізацыі “Рок-Каранацыі 2007” Еўрарадыё паразмаўляла з Юрыем Цыбіным – нязменным арганізатарам славутай узнагароды.

Мы не даганяем па музыцы сусветны рок

Еўрарадыё: Юры, ужо на працягу 12 год Вы займаецеся арганізацыяй “Рок-Каранацыі”. Таму Вы менавіта той чалавек, які адсочвае ўсё, што адбываецца ў рок-музыцы Беларусі. Скажыце, як, на Вашу думку, за гэтыя гады змяняўся беларускі рок?

Юры Цыбін: У-у-у… якія Вы пытанні задаяцё! Можа, канешне, з-за майго ўзросту, але я прыхільнік такога больш традыцыйнага року. Таму мне вельмі падабаюцца тыя гурты, якія ўжо зрабілі сабе імя: “Нейра Дзюбель”, “Крама”,”NRМ”, Вайцюшкевіч… Тое, што робяць маладыя, мне таксама падабаецца. І на “Рок-Коле” былі цудоўныя гурты, аднак мне падаецца, што ў іх неяк малавата сэнсу… Можа, гэта з-за таго, што той жа “NRМ” я ўжо ўспрымаю як культурную з’яву, а не па альбомах. Маладым, на маю думку, проста трэба яшчэ крыху часу, каб асэнсаваць тое, што яны робяць.

Еўрарадыё: Што найгалоўнейшае ў беларускім року, дый для сусветнай традыцыі наогул – тэксты ці музыка?

Юры Цыбін: Канешне, сэнс таго, аб чым яны спяваюць! Усё ж такі беларускі рок – гэта, у першую чаргу, тэксты. Проста па музыцы мы яшчэ, на жаль, не даганяем сусветны рок. Таму адназначна: змест, змест і яшчэ раз змест! Беларускі рок – гэта сацыяльны рок.

Еўрарадыё: Расійскі рок таксама пачынаўся з тэкстаў. Беларускі ж, з-за пэўных забаронаў, так і застаўся “падвальным”. Ці павінен ён, на Вашу думку, заставацца ў сутарэннях, ці ўсё ж такі для яго ёсць месца на вялікай сцэне? А таксама, ці не згубіць беларускі рок свайго глыбіннага сэнсу?

Юры Цыбін: Пакуль што на вялікай сцэне не бачу. У нас, на жаль, няма гуртоў, якія б адпавядалі сусветным стандартам: ані Ролінгаў, ані Бітлоў… Як гэта ні горка казаць, але хай застаецца беларускі рок “падвальным”. Тады ён будзе мець попыт у гледачоў і слухачоў.

Калі нашыя рокеры будуць сытыя і задаволеныя,
то я не ведаю, якім будзе беларускі рок

Еўрарадыё: Атрымліваецца, што ўсялякія там забароны на выступы і “чорныя спісы” былі на карысць беларускаму року?

Юры Цыбін: Не, ні ў якім разе. Музыкі павінны працаваць і выступаць на вялікіх пляцоўках, ды на ўсялякіх! Гэта як любы мастак павінен мець магчымасць данесці свой твор да публікі. Безумоўна, умовы, у якіх працуе творца, уплываюць на саму творчасць. Калі нашыя рокеры будуць сытыя і задаволеныя, то я не ведаю, якім будзе беларускі рок. Хаця, можа, і наадварот… Я, напрыклад, зараз не люблю “Машину времени”, якая ў свой час для ўсіх нас шмат значыла. Не люблю і Шаўчука, таму што ён стаў сыты і задаволены.

Еўрарадыё: У такім выпадку не магу не задаць наступнае пытанне. Вось зараз знялі з пасады галоўнага ідэолага краіны спадара Праляскоўскага. Гэта ён абяцаў беларускім рокерам зняць усе забароны… Як Вы думаеце, пасля гэта зняцця з пасады ці не вернецца ўсё зноў да “чорных спісаў?”

Юры Цыбін: Ды не ведаю я. Спадзяюся, што не вернецца, бо не ад аднаго ж чалавека ўсё залежыць! Мне самому вельмі цікава: як жа будзе надалей развівацца сітуацыя?

“Каранацыі” без мэтраў айчыннага року не будзе!

Еўрарадыё: Наколькі я ведаю, для таго, каб правесці “Рок-Каранацыю”, Вам неабходна атрымаць нейкую ліцэнзію?

Юры Цыбін: Мы зараз чакаем, што нам адкажуць у аддзеле культуры Мінгарвыканкаму, які дае дазвол на арганізацыю ўсіх канцэртаў на тэрыторыі Мінску. Спіс гуртоў мы падалі…

Еўрарадыё: Ці ёсць у гэтым спісе ўсе нашыя мэтры беларускага року?

Юры Цыбін: Для мяне гэта прынцыповае пытанне, каб і “Крама”, і “Нейра Дзюбель”, і “NRМ” выступалі на сёлетняй “Рок-Каранацыі”. Якое рашэнне прымуць улады – невядома. Але я спадзяюся, што не ўсё залежыць ад аднаго чалавека. Чыноўнікі прыходзяць і сыходзяць, а рок застаецца!

Еўрарадыё: А калі ўсё ж такі чыноўнікі не дазволяць выступаць таму ж Варашкевічу, Кулінковічу і Вольскаму з кампаніяй… Што будзе тады з “Рок-каранацыяй”, і ці будзе яна наогул праводзіцца?

Юры Цыбін: Тады, напэўна, я проста адмоўлюся ад правядзення канцэрту.

Еўрарадыё: Канцэрту не будзе ўвогуле ці яго будуць рабіць іншыя людзі?

Юры Цыбін: Іншыя людзі дакладна не будуць арганізоўваць “Рок-Каранацыю”, бо сам брэнд належыць нам. Толькі пад іншай назвай. Аднак давайце не будзем вырашаць наперад. Усё будзе добра, як заўжды!

Еўрарадыё: Наўрад ці “Рок-Каранацыя” будзе самаакупляльным мерапрыемствам. Ці ёсць зараз у Вас праблемы са спонсарствам?

Юры Цыбін: Такія праблемы ўзнікаюць кожны год. Аднак, напрыклад, мінулагодняя “Рок-Каранацыя” амаль акупілася.

Еўрарадыё: Давайце ўявім сітуацыю, што дазвол на ўсе гурты Вы атрымалі. Ці можа стацца такое, што толькі для “Каранацыі” паднялі арэнду залы ў два разы, ці яшчэ што-небудзь падобнае?..

Юры Цыбін: Пакуль што такога не было, і я спадзяюся, што і не будзе.

Еўрарадыё: Вы неаднаразова казали, што з’яўляецеся прыхільнікам старога року…

Юры Цыбін: На жаль, бо ёсць, напрыклад, гурты, якія хацеў пабачыць на гэтай сцэне мой сын. Аднак будзем чакаць вынікаў апытанняў.

Зміцер Панямонаў, Зміцер Траўчук

Апублікавана 21.01.2008 by  Андрэй.