Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › Песьня НРМ на складанцы Прэм`ер Тузін 2007

Песьня НРМ на складанцы Прэм`ер Тузін 2007

За чатыры гады працы музычнага парталу “Тузін Гітоў” на ягоных старонках было прадстаўлена болей за 300 новых беларускіх песень. А калі дадаць сюды блізу 100 рэцэнзій на новыя айчынныя плыты, дык атрымаецца ці не поўны жыццяпіс сучаснай айчыннай альтэрнатыўнай музыкі. Сваеасаблівай песеннай справаздачай мінулага 2007 году стала чарговая складанка музычнага партала “Прэм'ер Тузін-2007”, з’яўленне якой у продажу чакаецца ўжо пры канцы студзеня.

Працягваючы традыцыі папярэдніх “тузіноўскіх” выданняў, новы “Прэм'ер” мае выйсці ў падвойным мультымедыйным фармаце – агулам 42 песні, што падзеленыя на дзве секцыі.

Першая дванаццатка песень вызначаная выніковым слухацкім галасаваннем у папулярным хіт-парадзе “Тузіна Гітоў”. Збольшага гэтая секцыя выглядае досыць традыцыйна – у справаздачны склад лепшых песень 2007 году ўвайшлі новыя хіты вядомых рокавых групаў N.R.M. (дарэчы іх песня “Менск-Мінск” была прызнаная за песню году на “Тузіне”), Krama, ZET, IQ48. Некаторай нечаканасцю стаў выхад у лік “фіналістаў” блюзавай каманды NESTARы Band, арт-фолькавай OSIMIRA і рэінкарнаваных экс-Цмокаў – гурта Band A. Таксама на меркаванне слухачоў вартымі першай “дванаццаткі” стала таямнічая каманда Пятра Елфімава PitBull, сярэднявечны “Рокаш”, а таксама бярозаўскі :B:N:, магілёўскі Tav.Mauzer, гомельскі “Бан-Жвірба”.

Важкі дадатак да першай дванаццаткі – MP3-cекцыя, што ўтрымлівае яшчэ 30 найбольш цікавых песень 2007 году з хіт-параду “Тузіна Гітоў”.

Аўтарамі музычных вынікаў году на “Тузіне Гітоў” сталі не толькі наведнікі парталу (па статыстычных звестках іх колькасць цягам 2007 году склала блізу 200.000 чалавек). Традыцыйна да падвядзення вынікаў рэдакцыяй запрашаюцца вядомыя і аўтарытэтныя беларускія музычныя аналітыкі. Гэтым разам вызначаць лепшых дапамагалі прадстаўнікі ўсіх айчынных лэйблаў – Віктар Гольцаў (Go-Records), Віталь Супрановіч (BMAgroup), Уладзімір Максімкаў (Vigma), Вячаслаў Гулевіч (Новая музычная кампанія), Мікалай Сапуноў (West Records). Музыка фармату “Тузін Гітоў” сёння прадстаўлена не толькі штогадовымі паспяховымі CD-складанкамі (“Прэм'ер Тузін-2007” стаў ужо трэцяй па ліку). І не толькі буйнейшым легальным сеціўным каталогам беларускамоўных песень у фармаце MP3, з якога штомесяц фіксуецца блізу 50.000 спампоўванняў трэкаў. Музыка ад “Тузіна Гітоў” сёння гучыць на Радыё Рацыя, таксама вядуцца перамовы над праектам відэа-ўвасаблення “Тузіна” на ТВ-канале БелСат.

Рэдакцыя музычнага парталу “Тузін Гітоў” заўжды падкрэслівала, што галоўнай мэтай дзейнасці іх інтэрнэт-праекту з’яўляецца аніяк не вызначэнне “лепшых з лепшых”, а найперш, прапаганда сучаснай беларускамоўнай музыкі і стварэнне эфектыўных магчымасцяў выйсця да слухачоў для маладых выканаўцаў. Разам з тым празрыстасць, узважанасць і грунтоўнасць падвядзення музычных вынікаў разам з наведнікамі і музычнымі экспертамі дае падставы разглядаць “Прэм'ер Тузін” як аб'ектыўную і незалежную музычную прэмію. Прэмію, што магчыма нават дыктуе “шорт-ліст” самых буйных музычных рокавых феставаляў і каранацыяў. Прэмію, што прэтэндуе стаць неўзабаве галоўнай альтэрнатыўнай музычнай цырымоніяй, няхай пакуль і інтэрнэтавай.

Апублікавана 22.01.2008 by  Андрэй.