Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіАртыкулы › Вольскі лічыць “Альбомам года” “STASI”, а Варашкевіч – “06” N.R.M.

Вольскі лічыць “Альбомам года” “STASI”, а Варашкевіч – “06” N.R.M.

Еўрарадыё вырашыла даведацца ў лідэраў рок-гуртоў, чые альбомы прадстаўлены на “Рок-каранацыі” ў намінацыях “Альбом года” і “Песня года”, як яны ацэньваюць шанцы на перамогу сваіх твораў. І што думаюць пра зробленае “канкурэнтамі”.

Магчымасць таго, што альбом “06” стане “Альбомам года”, лідэр гурта N.R.M. Лявон Вольскі лічыць вельмі нізкай. Кажа, і крытыкі, і публіка аддаюць перавагу тым творам, што з’явіліся не так даўно. Як, да прыкладу, “STASI” “Нейра Дзюбеля”.

Лявон Вольскі: “Наш альбом мае нізкія вельмі шанцы, таму што ён даўно выйшаў. А звычайна запамінальныя для крытыкаў і тых, хто арганізоўвае “каранацыю”, альбомы, якія выйшлі нядаўна. І тут, мне падаецца, найбольшыя шанцы ў Кулінковіча”.

Затое ў намінацыі “Песня года” шанцы на перамогу ў песні “Мінск і Менск”, на яго думку, вельмі вялікія.

Лявон Вольскі: “Яна на слыху, як ні дзіўна. Нягледзячы на адсутнасць ратацыі па радыё. Нават на вашым сайце я прачытаў, што Ярмоленка выказваўся пра яе. Адкуль ён яе ведае, я не магу зразумець”.

Песню гурту beZ bileta ён лічыць нефарматнай для “каранацыі”, а “Ледаколы” J:МОРС – старой. Лідэр N.R.M. высока ацаніў альбом “Крамы” “Усё жыцьцё – дзіўны сон”, але песню “Стэфка. Праз 20 год” вартай называцца “Песняй года” не лічыць.

Аляксандр Кулінковіч без лішняй сарамлівасці “Альбомам года” лічыць “STASI” “Нейра Дзюбеля”.

Аляксандр Кулінковіч: “Паколькі гэта мой альбом, я лічу яго лепшым. Вельмі хачу атрымаць карону і лічу, што гэта “Альбом года”. На мой бессаромны погляд, нічога лепшага ў гэтым годзе не было. Але шанцы я ацэньваю вельмі нізка”.

Таму кажа, што з усіх “крутых баброў” беларускага рок-н-ролу, лепшыя шанцы ў “Капітала” “Ляпіса Трубяцкога”. Песні іншых гуртоў з намінацыі “Песня года” лідэр “дзюбялёў” чуў краем вуха. І прапаноўвае журы галасаваць за яго песню “Край”.

Лідэр “Крамы” Ігар Варашкевіч “Альбом года” назваў “06” гурта N.R.M. Хаця не выключае, што перамогу сябры журы могуць аддаць J:МОРС ці “Нейра Дзюбелю”.

Ігар Варашкевіч: “Я думаю, што N.R.M. ці J:МОРС атрымаюць. Хаця, можа, і “Нейра Дзюбель”. Але толькі не “Крама”.

Найвялікшыя шанцы стаць “Песняй года”, на яго думку, у песні “Мінск і Менск”. “Крамаўская” “Стэфка”, кажа, мала раскручаная, каб стаць пераможцам у намінацыі.

Шанцы “Лірыкі” стаць “Альбомам года” Зміцер Вайцюшкевіч таксама ацэньвае нізка. Кажа, зоркі не на яго баку. А вось “Капіталу” “Ляпісаў”, на яго думку, зоркі спрыяюць.

Зміцер Вайцюшкевіч: “Я лічу, што трэба “Капіталу” даваць “Альбом года”. Гэта рэальна”.

“Песню года” ён вызначаць не стаў.

Лідэр J:МОРС Уладзімір Пугач расказаў Еўрарадыё, што не разумее, па якіх крытэрах вызначаюць на “каранацыі” лепшых. Таму і разважаць пра шанцы на перамогу іх альбома альбо песні не захацеў.

Уладзімір Пугач: “Як я магу сказаць, якія шанцы, калі я не разумею крытэраў, па якіх гэта вызначаецца”.

Аднак кажа, што сочыць за музычнымі навінкамі і таму не мог прапусціць такія важныя падзеі, як выхад альбомаў “Крамы” і N.R.M. Высока ацаніў і “Усё жыцьцё – дзіўны сон”, і “06”. А ў намінацыі “Песня года” ўзнагароду аддаў бы песні “Мінск і Менск”. Хоць і не ўпэўнены, што саўнд і тое, як песня запісаная, яму падабаецца.

Зміцер Панямонаў

Апублікавана 07.02.2008 by  Андрэй.