Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › «Крамбамбуля»: «Усё нармальна, мама!»

«Крамбамбуля»: «Усё нармальна, мама!»

Праект «Крамбамбуля» перасьпявала на свой манер самую вядомую песьню хулігана і шоўмэна Васі Шугалея. Песьня «Ўсё нармальна, мама!» стала ня толькі візытоўкай скандалістаў з гурта «Ы-Ы-Ы», але і пазыўнымі адной вядомай праграмы Беларускага тэлебачаньня. Лявон Вольскі: «Мы трохі перапрацавалі тэкст, але настрой застаўся тойсама. Спадзяюся, што не папсавалі:)». «Усё нармальна, мама!» у інтэрпрэтацыі «Крамбамбулі» бярэ ўдзел у новым туры на ТГ.

«Усё нармальна, мама!» праект «Крамбамбуля» запісала з ініцыятывы былога ўдзельніка гурта «Ы-Ы-Ы», а цяпер дырэктара студыі «Осмас» Паўла Юрцэвіча. На яго прапанову песьні Шугалея перасьпявалі яшчэ некалькі вядомых беларускіх гуртоў.

«Мы вырашылі перапрацаваць арыгінальны тэкст гэтае песьні, - апавядае лідэр „Крамбамбулі“ Лявон Вольскі. – Фармат нашага праекту не дазваляе нам перасьпяваць „Усё нармальна, мама!“ у арыгінале, але тэкст атрымаўся блізкім па настроі».

Музыку «крамбамбульцы» вырашылі не чапаць. Выйшаў у выніку такі кавэр на кавэр. Шугалей перасьпяваў на свой манер «That's All Right (Mama)» Элвіса Прэсьлі, а «Крамбамбуля» ўжо перасьпяла Шугалея.

Лявон Вольскі прызнаўся, што для яго было цікава і пачэсна ўзяць удзел у трыб'юце Васіля Шугалея. «Колісь за часамі „Мроі“ мы неаднойчы выступалі зь ім на адной сцэне. На „Трох колерах“ запомнілася, як яны хуліганілі, - згадвае Лявон. – Тады ўсе ведалі Шугалея, ён быў сапраўднай зоркай. Такія людзі не забываюцца».

SB, ТГ

Апублікавана 22.02.2008 by  Андрэй.