Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › Cяброўства forever: IQ48, :B:N: і Zet Family

Cяброўства forever: IQ48, :B:N: і Zet Family

24 лютага ў менскім клюбе «Гудвін» адбудзецца вялікая сяброўская вечарына з удзелам адных з самых яркіх прадстаўнікоў нашай рок-сцэны - IQ48 і :B:N:. Сапраўднай разынкай імпрэзы станецца выступ праекту Zet Family. Кажуць, што ў такім выглядзе (бяз масак) і такім складам яны выступяць толькі гэтым разам. На ролю канфэранса запрошана легендарная асоба - Скрыпа з zygimont VAZA. ТГ дазнаўся ўсе магчымыя падрабязнасьці гэтай вечарыны.

Канцэрт атрымаў назву «Big Friends' Party». І гэта натуральна, бо ўжо неаднаразова ўсе ўдзельнікі імпрэзы з задавальненьнем гралі разам. Таксама ўдзельнікаў гуртоў зьвязваюць вельмі блізкія сяброўскія адносіны па-за сцэнай. Сябрамі аўтаматычна становяцца і тыя, хто прыходзіць да іх на канцэрты.

Акрамя таго, імпрэза незвычайная ўжо тым, што вышэйназваныя гурты ўвогуле ня частыя госьці ў менскіх клюбах. Парадокс, але менчукі IQ48 амаль год ня гралі ў сталіцы, бярозаўцаў з :B:N: таксама зь лета тут ніхто ня бачыў, а Zet Family – больш ніхто ніколі і ня ўбачыць, бо такі склад зьбярэцца адмыслова на адзіны канцэрт. Нечаканасьцю будзе і адсутнасьць на музыках масак. Але гледачам ня варта лічыць гурт рассакрэчаным! Дакладна вядомым застаецца толькі адзіны факт – усе, хто выйдзе на сцэну, маюць да Zet нейкае дачыненьне. Але вось якое? У якасьці канфэрансье выступіць зноўку ж асоба невыпадковая – легендарны Скрыпа з zygimont VAZA.

Нягледзячы на рэдкае зьяўленьне назваў гуртоў на афішай сталічных канцэртаў, музыкі нікуды не зьнікалі, рэпэтавалі, гралі на буйных фэстывалях. Урэшце прыйшоў час сустрэцца, як гаворыцца, і на сваёй тэрыторыі. Бо як бы ні лашчылі «драпежныя акулы замежнага шоўбізу», але пляшку піва са старым добрым сябрам гэтае ніколі не заменіць!

Гансало дэ Алкон'есэс, для ТГ

Апублікавана 22.02.2008 by  Андрэй.