Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіАртыкулы › Крамбамбуля ЎЗАРВАЛА "Шайбу"

Крамбамбуля ЎЗАРВАЛА "Шайбу"

Святочны канцэрт "Крамбамбулі", які адбыўся 14 лютага ў Westworld Club, стаўся доўгачаканым вяртаннем гурта на вялікую сцэну. Вяртанне было трыумфальным – у клуб не патрапіла шмат жадаючых.

У 7 гадзін гардэроб быў амаль поўны, а перад клубам яшчэ стала вялікая чарга. Спачатку ахова прыпыніла ўваход для запрошаных, а праз паўгадзіны ў клуб не маглі патрапіць нават тыя, хто набыў квіткі. "Шчыра кажучы, мы не чакалі гэткага ажыятажу, – кажа Лявон Вольскі. – Мяркуючы па ўсім, арганізатары таксама. Я асабіста прашу прабачэння ў тых, хто застаўся на вуліцы. Гэта не ёсць нармальная сітуацыя".

У зале наведвальнікаў сустракалі дзяўчыны з сардэчкамі і пернікамі, а таксама святы Валянцін, абавязкі якога выконваў вядомы спявак і шоўмэн Віктар Шалкевіч. За вечар ён зарэгістараваў 50 святочных шлюбаў. "Падыходзіла яшчэ шмат людзей, але нажаль пасведчанні ўжо скончыліся!" – прызнаецца Віктар.

Галоўнымі цвікамі канцэртнай праграмы былі дуэты. Анансаваныя, але ўсё роўна нечаканыя! Маша Яр дадала фольку ў "Папараць-кветку", Руся (Indiga) – рамантыкі ў "Без цябе", Вольга Самусік ("Тарпач", Zygimont Vaza) – сапраўднага року ў "Безалкагольнае піва".

Вельмі яскравымі былі выступы акторак: Ганна Хітрык ("Детидетей") пераўтварылася ў пякучую мексіканку каб заспяваць "Тэкілу", а Святлана Зелянкоўская – ў бліскучую поп-зорку, каб заспяваць "Старыя хіпаны". Але больш за ўсіх гледачоў уразіў выступ "Крамбамбулі" з опернай спявачкай Нінай Цішко ("Грапа к’янці і марціні") – іх адразу запрасілі на біс!

Выступ цягнуўся амаль дзве гадзіны. Прагучалі хіты з усіх дыскаў: ад "Застольнага альбому" (2002) да "Крамбамбулі Святочнай" (2007). Не забыліся музыкі і на нядаўні інтэрнэт-сінгл "Dolce Vita", які дагэтуль можна спампаваць на афіцыйным сайце гурта www.krambambulya.com

relax.by

Апублікавана 22.02.2008 by  Андрэй.