Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › "Куплеты і прыпевы" ад Лявона Вольскага

"Куплеты і прыпевы" ад Лявона Вольскага

Сёньня на сайце www.lvolski.com адбыўся рэліз дэбютнага сольнага альбому Лявона Вольскага "Куплеты і прыпевы" – ён распаўсюджваецца цалкам бясплатна ў лічбавым фармаце mp3. Альбом складаецца зь 10 песень, вытрыманых у стылістыцы арт-брутал і трэш-шансон. У якасьці бонуса на сайце таксама можна спампаваць трэш-відэа “Эўравізія”. “Я сам не ведаю, чаго ў гэтым альбоме больш – чорнага гумару ці музыкі”, – прызнаецца Лявон Вольскі.

Як усё рабілася

Ідэя альбому з'явілася ўвосень 2006. "Я недзе прачытаў пра тое, як нейкі дэпутат прапанаваў стэрылізаваць бамжоў, алькаголікаў і злосных аліментшчыкаў, – распавядае Лявон. – Адразу нарадзілася песня "Дэпутаты". Яна і дала ідэю – зрабіць гэткі брутальны трэш-шансон-праект".

Астатнія песьні з'явіліся вельмі хутка. Ужо ўвесну 2007 альбом быў запісаны, а летам – зьведзены. Апошняй кропкай у падрыхтоўцы стаў кліп "Эўравізія", зьняты ў лістападзе 2007. Ён жа стаў першым крокам у прамоцыі дыску – прэм'ера гэтага трэш-відэа адбылася 1 красавіка. За два тыдні яго паглядзела больш за 5 тысяч інтэрнэт-карыстальнікаў.

Музычны бок

"Куплеты і прыпевы" – гіпермінімалістычны і гіперканцэптуальны праект. Амаль увесь ён зроблены Лявонам Вольскім на культавым старым сінтэзатары Kurzweil, за выняткам некалькіх партый, выкананых на гітары Паўлам Трацяком.

"Я хацеў, каб аранжыроўкі максімальна адпавядалі канцэпцыі, – гаворыць Вольскі. – Таму што, на мой погляд, галоўнае ў гэтых песнях не музыка, якая грае даволі фармальную ролю, а менавіта тэкст і сама аўра. У пэўным сэньсе гэта нават ня "песьні", а менавіта "куплеты і прыпевы". Таму так і завецца альбом".

Лірыка

"Куплеты і прыпевы" – гэта сатырычныя замалёўкі на мяжы рэчаіснасьці і брутальнай фантазіі. Іх "лірычныя" героі ўзятыя з рэальнага жыцьця – алькаголікі і оперныя сьпявачкі, дэпутаты і палітычныя камэнтатары, папулярныя сьпевакі і памежныя кантрабандысты. Адзіны міфічны герой гэтага дыску – жыдамасоны.

"Жыдамасоны, як прычына ўсіх праблемаў у жыцьці грамадства, – гэта бадай адзін з найбольш вялікіх гістарычных міфаў, які быў прыдуманы на пачатку 20-га стагодьдзя ў царскай Расіі і з таго часу шмат выкарыстоўваўся нават у часы СССР, – тлумачыць Лявон. – Насамрэч добра вядома, што габрэяў сярод масонаў было не больш за рускіх і прадстаўнікоў іншых нацый. Зараз гэтага міфа ўжо няма, але традыцыі абвінавачваць у сваіх праблемах усіх, акрамя сябе, на жаль, засталіся. Менавіта пра гэта і песьня".

P.S.

Альбом атрымаўся брутальны і жорсткі з аднаго боку, тэатральны і гумарыстычны з другога. Шмат хто скажа, што ён абсурдны, і Лявон Вольскі першы пагадзіцца з гэтым. "Так, ён абсурдны. Такі ж абсурдны, як наша жыцьцё! Толькі на мастацкі лад", – усміхаецца сьпявак.

Апублікавана 16.04.2008 by  Alonka.