Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › Крамбамбуля рыхтуе сьвята адпачынку па-чарнагорску

Крамбамбуля рыхтуе сьвята адпачынку па-чарнагорску

Сэзон адпачынкаў гурт «Крамбамбуля» распачынае вялікім канцэртным круізам па Беларусі. А ў гарачы на канцэрты менскі травень музыкі бадзёра прапануюць сольны канцэрт «Хвалі пазытыву», дзе будуць сьвяткаваць дзень незалежнасьці Чарнагорыі. Далей у матэрыяле — пра шоў, пра запаветы сапраўднага чарнагорца і тур па краіне.
­
Чаму? Па-першае, гэта афіцыйнае сьвята Чарнагорыі, таму што 21 траўня 2006 году адбыўся рэфэрэндум, па выніках якога былая югаслаўская рэспубліка стала незалежнай дзяржавай. Але галоўнае ў іншым — жыхары менавіта гэтай краіны маюць, напэўна, самае ўзьнёслае ў сьвеце стаўленьне да адпачынку. На гэтую тэму ёсьць нават 10 запаветаў сапраўднага чарнагорца*, першы зь якіх сьцьвярджае: «Чалавек нараджаецца стомленым і жыве для таго, каб адпачываць».

«Вельмі сымбалічна, што канцэрт нашай брыгады музычнага пазытыву прыпаў на сьвята менавіта гэтай краіны, вельмі блізкай да „Крамбамбулі“ па сваёй мэнтальнасьці і ідэалёгіі. Таму мы вырашылі яго як сьлед адзначыць», — тлумачыць лідэр гурта Лявон Вольскі.

Як заўжды «Крамбамбуля» зьбіраецца прыемна зьдзівіць гледачоў. Чарнагорыя — вядомы марскі курорт, таму падчас канцэрту сцэна КЗ «Мінск» ператварыцца ў сапраўдны пляж з адпаведнай атмасфэрай і шэрагам прыемных сюрпрызаў. Нагадаем, што ў праграме возьмуць удзел Святлана Зелянкоўская, Ганна Хітрык, Вольга Самусік і іншыя артысты, якія засьпяваюць з «Крамбамбуляй» ужо вядомыя і новыя дуэты.

Цікава, што на гэта вялікае сьвята музыкі гурта жадалі нават запрасіць афіцыйных прадстаўнікоў Чарнагорыі, але высьветлілася, што ў Беларусі гэта маладая краіна пакуль што не мае ні амбасады, ні консульства.

«Пасьля нашага канцэрту адразу зьявіцца!» — упэўнены Лявон.

Generation.BY

Апублікавана 14.05.2008 by  Андрэй.