Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › Арганізатары be2gether не дамовіліся з N.R.M.

Арганізатары be2gether не дамовіліся з N.R.M.

Be2gether’2008 распачнецца 14 жніўня каля Віленскай ратушы. Для ўсіх прысутных прагучыць адмысловая барабанная сюіта, якая мае стаць нечым накшталт афіцыйнага гімну фэстывалю.

15 жніўня be2gether перамесьціцца ўжо ў Нарвілішкі — вёску ля мяжы зь Беларусьсю. Менавіта там, на тэрыторыі старога замку, музыка будзе гучаць тры дні — да 17 жніўня.

Арганізатар фэсту Гедрус Клімкявічус абяцае, што сёлетні Be2gether будзе грандыёзьнейшым за леташні. На пляцоўцы фэсту зьявяцца тры сцэны, разнастайныя клюбы, дыскатэкі, пройдуць мастацкія майстар-клясы.

Цягам трох дзён у Нарвілішках заграюць каля 70 гуртоў. Па стане на 22 траўня арганізатары паведамілі журналістам наступны сьпіс удзельнікаў:

* Groove Armada (Вялікабрытанія)
* Fool’s Garden (Нямеччына)
* My Baby Wants to Eat Your Pussy (Нямеччына)
* Fishbone (ЗША)
* Infected Mushroom (Ізраіль)
* Bix (Літва)
* The Dynamites (ЗША)
* Etiennie de Crecy (Францыя)
* Happyendless (Літва)
* Valgeir Sigurrdson (Ісьляндыя)
* Clan of Xymox (Нідэрлянды)
* Communic (Нарвэгія)
* Baka Beyond (Камэрун)
* Doi (Данія)
* OSIMIRA (Беларусь)
* Mauzer (Беларусь)

Папярэдне арганізатары плянавалі запрасіць да ўдзелу ў Be2gether беларускі гурт N.R.M. Аднак, як стала вядома, у літоўцаў не атрымалася дамовіцца зь беларусамі.

«Яны ня здолелі выканаць нашыя ўмовы», — сказаў ТГ гітарыст N.R.M. Піт Паўлаў.
«Фінансавыя ўмовы?» — пацікавіліся мы.

«У тым ліку і фінансавыя», — адказаў Паўлаў. — «За тыя грошы, што нам прапанавалі мы ня граем ужо год дзесяць».

Арганізатары Be2gether зьбіраюцца пашукаць замену N.R.M. сярод гуртоў зь Беларусі.

Квіток на сёлетні Be2gether будзе каштаваць нятанна — 65 эўра. Але кожны ўладальнік такога квітка будзе мець права на бясплатную літоўскую візу, дзейсную на час фэстывалю.

Паводле: Аляксей Мінчонак, «Тузін Гітоў»

Апублікавана 23.05.2008 by  Андрэй.