Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіАртыкулы › Павал Кашырын: НРМ заўсёды карыстаецца папулярнасцю

Павал Кашырын: НРМ заўсёды карыстаецца папулярнасцю

Пачынаецца гастрольны перыяд. З гэтай нагоды Еўрарадыё даведалася, як выстаўляюцца кошты на канцэртныя квіткі, чаму да нас рэдка прыязджаюць замежныя зоркі, і з якімі праблемамі сутыкаюцца арганізатары канцэртаў у маленькіх гарадах.

Пра тое, якім прынцыпам карыстаюцца амаль усе арганізатары канцэртаў, калі фармуюць кошты на канцэртныя квіткі, Еўрарадыё распавёў выканаўчы дырэктар канцэртнага агенцтва “Лінія гука” Уладзімір Шаблінскі.

“Існуе сабекошт канцэрту, дадаецца нейкі адсотак прыбытку, а потым усё дзеліцца на ўмяшчальнасць залі. Напрыклад, сярэдні квіток 5 тысяч, значыць можна рабіць кошт ад адной тысячы да пятнаццаці”.

Сабекошт канцэрту беларускіх гуртоў складаецца з арэнды памяшкання і абсталявання, ганарараў музыкам і заробка гукарэжысёрам ды супрацоўнікам сцэны.

Але, па словах дырэктара канцэртнага агенцтва BoPromo Аляксандра Багданава (Папа Бо), калі калектыў прыязджае з-за мяжы, то з'яўляюцца і іншыя выдаткі, якія таксама ўплываюць на кошт Квіткоў.

Папа Бо: “Дадаюцца дастаткова вялікія ганарары музыкам, у адрозненні ад беларускіх калектываў, і дадаюцца выдаткі на дарогу музыкаў, харчаванне, пражыванне і катанне па горадзе. Лішнія выдаткі — адпаведна большы кошт на квіткі. А далей, таксама думаеш, што збярэцца 200 чалавек, і ўсю суму дзеліш на 200”.

Аляксандр Багданаў дадаў, што існуе і ліміт на кошты квіткоў, бо людзі ў нашай краіне не гатовыя плаціць шмат і на такія гурты як Tequilajazz і Markscheider Kunst больш чым за 40 тысяч не пойдуць.

Папа Бо: “Напрыклад на Tequilajazz і Markscheider Kunst я перакананы што людзі больш чым за 40 тысяч не пойдуць, а ганарар у Tequilajazz 3000 еўра, плюс 8 чалавек на самалёце і гасцініца”.

А вось Аляксандр Моцарт, які арганізоўвае канцэрты ў Полацку карыстаецца выключна досведам і веданнем, на якія гурты і за якія грошы моладзь згодная пайсці, а таксама ступень вядомасці выканаўцы. Праўда, за 25 тысяч на беларускія гурты ў Полацку ніхто не пойдзе.

Аляксандр Моцарт: “Я арганізоўваў канцэрт гурта “СЛОТ” з Масквы, на які квіткі каштавалі 25 тысяч, мы сабралі поўны клуб. Але за такой жа кошт на іншыя каманды, напрыклад, беларускія, практычна ніхто не прыйдзе”.

Моцарт дадаў, што калі запрашаць топавыя гурты з вялікім ганарарам, то трэба здымаць залю з сядзячымі месцамі, бо вялікіх клубаў у маленькіх гарадах няма. Але з-за гэтага павышаюцца кошты квіткоў і людзі ўжо не здольныя іх набываць.

Тое, што нярэдка даводзіцца рабіць кошт квітка ніжэйшым, каб людзі маглі яго набыць, пацвердзіў і кіраўнік BMA Group Віталь Супрановіч:

“Нават, калі мэтазгодна паставіць большы кошт, але ведаеш што за такія грошы на гэты калектыў людзі проста не пойдуць, то даводзіцца рабіць яго меней. І калі казаць агулам пра кошты ў Беларусі, то яны значна ніжэйшыя, чым у іншых краінах”.

Праўда ёсць і выключэнні. Напрыклад, арганізатар канцэртаў амаль усіх беларускіх рок-зорак Павал Кашырын перакананы, што на “НРМ”, “Краму” і Neuro Dubel людзі пойдуць за 50 тысяч.

Павал Кашырын: “У Графіці, напрыклад, квіток 30-35 тысяч на канцэрт НРМ гэта нармальны кошт. Гэта эксклюзіўны канцэрт і чым менш людзей, тым даражэй квіткі. Канешне я мог бы рабіць і даражэй, напрыклад, па 50 тысяч, і я перакананы, што людзі пойдуць, бо гурты “Крама”, Neuro Dubel, НРМ заўсёды карыстаюцца папулярнасцю”.

Галляш Валынец

Апублікавана 30.05.2008 by  Андрэй.