Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › Куплеты і прыпевы Вольскага: на CD і ўжывую

Куплеты і прыпевы Вольскага: на CD і ўжывую

26 чэрвеня адбудзецца рэліз CD-вэрсіі сольнага альбома Лявона Вольскага «Куплеты і прыпевы». У гэты ж дзень у 18 гадзін адбудзецца прымеркаваная да гэтага аўтограф-сэсія і эксклюзыўны міні-канцэрт у дыскарні «Містэрыя гуку» (ГЦ «Рыга»). Л. Вольскі: «Мы не зьбіраліся яго рабіць, але шмат хто хацеў набыць дыск нават пасьля таго, як спампаваў яго ў Інтэрнэце. У выніку атрымалася нятаннае калекцыйнае выданьне».

«Куплеты і прыпевы» будуць выдадзеныя на CD з шматлікімі бонусамі. Апрача арыгінальных 10 песень, выкладзеных у красавіку на сайце www.lvolski.com, аўдыёчастка будзе зьмяшчаць караоке-вэрсіі ўсіх песень, а мультымэдыйная частка – трэш-відэа «Эўравізія» ад Яўгена Новаша.

Акрамя таго, дыск будзе мець зьмястоўны буклет. У ім – тэксты і акорды да альбома, а таксама эксклюзыўны слоўнік, дзе Лявон Вольскі тлумачыць розныя словы і тэрміны, выкарыстаныя ў тэкстах.

«Можна сказаць, што CD-выданьне фактычна зьдзейснена „па замовах слухачоў“, – кажа Лявон Вольскі. – Мы не зьбіраліся яго рабіць, але шмат хто хацеў набыць дыск нават пасьля таго, як спампаваў яго ў Інтэрнэце. У выніку атрымалася нятаннае калекцыйнае выданьне, але мне здаецца гэта нармальна, улічваючы тое, што сайт зачыняць мы ня будзем».

Ня менш эксклюзыўным будзе міні-канцэрт Лявона Вольскага, які адбудзецца ў дзень рэлізу ў дыскарні «Містэрыя гуку» (ГЦ «Рыга») – гэта будзе першае і можа адзінае жывое выкананьне песень з альбома «Куплеты і прыпевы». Больш ніякіх канцэртных выступаў з гэтай праграмай сьпявак не плянуе. Між іншым, з красавіка «Куплеты і прыпевы» спампавалі больш за 6 тысячаў інтэрнэт-карыстальнікаў.

ТГ

Апублікавана 18.06.2008 by  Андрэй.