Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › Арганізатары «Басовішча» дамовіліся на бясплатныя візы гледачам

Арганізатары «Басовішча» дамовіліся на бясплатныя візы гледачам

Арганізатары фэстывалю «Басовішча» Беларускае аб’яднаньне студэнтаў у Польшчы дамовіліся на бясплатную візавую падтрымку гледачам фэсту. Каб патрапіць у сьпіс шчасьліўчыкаў, патрэбна да 7 ліпеня даслаць заяўку з асабістымі дадзенымі на адмысловы мэйл БАСу.

Да 17:00 7 ліпеня 2008 году ахвотныя атрымаць візу мусяць даслаць наступныя зьвесткі:

* Імя і прозьвішча лацінкай (як напісана ў пашпарце!)
* Сэрыя і нумар пашпарта
* Адрас электроннай пошты
* Нумар мабільнага тэлефону ў міжнародным фармаце (+375 ** *******)

Пашпарт мусіць быць дзейсным да 20 кастрычніка 2008 году (інакш візу не дадуць), і заяўляльнік ня мусіць мець ранейшых парушэньняў у перасячэньні межаў краінаў Шэнгенскай дамовы.

Дасылаць заяўку трэба на мэйл [email protected]. Калі ж Вы з Горадні ці з гарадзенскай вобласьці, то кантактуйце праз [email protected].

Далей застаецца чакаць: з Вамі зьвяжуцца прадстаўнікі БАСу ці іх давераныя асобы.

Таксама гарадзенскі Рух «За Свабоду» ладзіць арганізаваны бясплатны даезд гледачоў «Басовішча-2008» з вакзалу памежнага гораду Кузьніца Беластоцкая (Польшча). Каб патрапіць у аўтобус, дасылайце свае кантакты на мэйл [email protected]. Да Кузьніцы Беластоцкай можна дабрацца цягніком з Горадні. Адпраўленьні — у 3:40, 7:55, 10:05, 14:50, 19:47, 22:34. Кошт квітка з Горадні да Кузьніцы — каля 5 тысячаў беларускіх рублёў.

Яшчэ месяц таму кіраўнік БАС Радаслаў Дамброўскі распавядаў у інтэрвію Generation.bY, што плянуюцца бясплатныя візы. Увесь гэты час ішлі перамовы, вынікаў якіх чакалі многія. І нарэшце пры спрыяньні польскага МЗС і тэлеканалу Белсат зьявілася добрая навіна. Радаслаў усьцешаны пасьпяховым вырашэньнем перамоваў наконт візаў, бо «фэстываль для людзей, і хочацца бачыць гледачоў як з польскага боку мяжы, так і зь беларускага»:

«З-за межаў наведвальнікі зь Беларусі маглі б мець праблемы з перасячэньнем мяжы, з атрыманьнем візаў. Таму такая падтрымка яшчэ больш суцяшае, хаця самы лепшы варыянт — адсутнасьць межаў ды візаў, як ня мае межаў музыка ў цэлым, так і Басовішча».

Басовішча-2008 пройдзе 18-19 ліпеня ў мястэчку Гарадок (Польшча) недалёка ад беларускай мяжы.

Апублікавана 30.06.2008 by  Андрэй. Абмяркаваць на форуме