Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › З-за адмовы арганізатараў перанесьці выступ ЗЭТ ня выступіць на Басовішчы

З-за адмовы арганізатараў перанесьці выступ ЗЭТ ня выступіць на Басовішчы

Як стала вядома Еўрарадыё, гурт “ZET” не выступіць на “Басовішчы” таму, што арганізатары адмовіліся перанесці яго выступ з суботы на пятніцу, як таго прасілі музыкі, а “Зьніч” – таму, што удзельнікам гурту не аформілі візы.

Пераможцу леташняга фестывалю гурт “Фляус и Кляйн” не запрасілі таму, што фестываль мяняе сваю канцэпцыю. Перад гуртом N.R.M. арганізары выбачыліся і сказалі, што сёлета іх запрашаць не будуць. А квоту ў 150 бясплатных візаў для гледачоў устанавіў польскі МЗС.

Яшчэ два дні таму Лявон Вольскі, які пазіцыянуе сябе як “чалавек блізкі да “ZET”, у размове з Еўрарадыё выказваў спадзяванне, што арганізатары “Басовішча” пойдуць насустрач іх пажаданню і перанясуць выступ гурта з суботы на пятніцу. Але гэтага не адбылося, і ўчора стала вядома, што гурт увогуле выкрэслілі з праграмы. Вось як гэта патлумачыў Еўрарадыё адзін з арганізатараў фестывалю Радэк Дамброўскі.

Радэк Дамброўскі: “ZET” і праўда прасілі выступіць у пятніцу, мы таксама хацелі, каб “ZET” выступіў, але, на жаль, не было магчымасці для такой змены. Нам гэты гурт падыходзіў да праграмы суботняй. Інакш праграма не складалася так, як бы мы хацелі”.

Музыкі “ZET”, па словах Лявона Вольскага, паставіліся да сітуацыі па-філасофску.

Лявон Вольскі: “Гэта канцэпцыя арганізатараў фестывалю, таму ім лепш відаць, як будаваць гэтую канцэпцыю і як будаваць праграму. У нас жа ёсць і іншыя форс-мажорныя абставіны, не толькі гэты перанос, з-за якога мы не здолелі паехаць. “ZET” прабачыліся, вельмі шкада, што не атрымалася, але, спадзяюся, атрымаецца наступным разам”.

Еўрарадыё пацікавілася ў музыкі, якія форс-мажорныя абставіны не дазволілі ўзяць удзел у фестывалі гурту N.R.M.

Лявон Вольскі: “Наўогул N.R.M. не запрашалі. Можа быць, падумалі, што высокі ганарар, хаця гэта нават не абмяркоўвалася. Піту тэлефанавалі і даволі цывілізавана сказалі, што сёлета выступ N.R.M. не прадугледжаны”.

Выскрэслілі з праграмы і гурт “Зьніч”. Лідэр гурта Алесь Таболіч вінаваціць у гэтым арганізатараў, якія не здолелі арганізаваць для іх атрыманне візаў у кансульстве.

Алесь Таболіч: “Мы павінны паехаць у Гродна, каб атрымаць візы. А там не зацікаўленыя рабіць візы мінскім гуртам. У Мінску ж трэба рабіць візы самастойна. Уяўляеце сабе, што такое стаць у чаргу і стаяць там па 7-8 гадзін цягам некалькіх дзён? Нешта сёлета з арганізацыяй не тое”.

Але па словах арганізатара “Басовішча” Радэка Дамброўскага, ва ўсім вінаватыя самі музыкі.

Радэк Дамброўскі: “Зьніч” яшчэ нішто не накіроўваў у Гродна. Была толькі прапанова, што візы будуць афармляцца там. Дарэчы, не толькі “Зьнічу”, а шмат якім іншым гуртам. Там у нас ёсць дамоўленасць з консулам на тэрміновае атрыманне візаў. Акрамя таго, я толькі два дні таму атрымаў пашпартныя дадзеныя музыкаў “Зьніча”, якія павінен быў атрымаць месяц таму. І таму ўзніклі праблемы”.

Ледзь не ў першыню за ўсю гісторыю “Басовішча” да ўдзелу ў ім не быў запрошаны гурт, які стаў пераможцам леташняга фестывалю. Дамброўскі кажа, што гэта абумоўлена зменай канцэпцыі фэсту.

Радэк Дамброўскі: “Не тое, што на “Басовішчы” не захацелі больш бачыць “Фляўс и Кляйн”. Проста сёлета мы вырашылі адыйсці ад прынцыпу абавязковага запрашэння лаўрэатаў, а вырашылі запрашаць гурты, якія, на наш погляд, маюць якасную праграму”.

Не спраўдзіліся надзеі і шматлікіх фанаў, якія спадзяваліся з дапамогай арганізатараў фестывалю атрымаць бясплатныя візы на наведванне “Басовішча”. Па словах аднаго са сталых наведвальнікаў фестывалю Уладзіміра, ён падаў заяву на другі дзень пасля з’яўлення паведамлення аб пачатку збору дадзеных ад жадаючых паехаць на фестываль, але атрымаў адмову.

Уладзімір: “Мне было сказана, што першыя 150 чалавек, якія падалі заяўкі на візу, у бліжэйшыя дні будуць здаваць дакументы, а астатнім адмоўлена”.

Зараз хлопец і яго шматлікія сябры шукаюць іншыя магчымасці зрабіць візу, але часу бракуе і таму, па яго словах, ужо не спадзяюцца патрапіць на фэст.

Як патлумачыў Еўрарадыё Радэк Дамброўскі, абмежаванне ў 150 бясплатных віз для гледачоў паставіла Міністэрства замежных спраў Польшчы.

Радэк Дамброўскі: “Атрымалася так, што МЗС не можа адкрыць візы ўсім жадаючым, бо іх колькасць значна перавышае магчымасці. Канешне, хацелася б, каб людзей было як мага больш, але мы на гэта ўплыву не маем. Мы і так удзячныя МЗС, што яны пагадзіліся аформіць гэтыя 150 бясплатных віз”.

Нягледзячы на гэта, арганізатары спадзяюцца, што шмат фанаў беларускай музыкі з Беларусі здолеюць зрабіць сабе візы самастойна. Усяго ж арганізатары чакаюць, што на “Басовішчы” будзе не менш, як 3-4 тысячы гледачоў. Што ж тычыцца таго, хто будзе выступаць замест гуртоў “Зьніч” і “ZET”, то арганізатары вырашылі не запрашаць нікога дадаткова, а проста памяняць месцамі ўжо запланаваных выступоўцаў.

Зміцер Панямонаў, Максім Ярмак

Апублікавана 10.07.2008 by  Андрэй.