Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › Be2gether: выступ НРМ прайшоў пад моцным дажджом

Be2gether: выступ НРМ прайшоў пад моцным дажджом

Другі дзень у 50 метрах ад беларускай мяжы ў літоўскай вёсцы Нарвілішкі праходзіць буйны еўрапейскі музычны форум Be2gether. Арганізатары нібы прадчувалі, што падчас фэсту будзе кепскае надвор’е і нездарма на афішах намалявалі гумавыя боты. Але моцны дождж, што пачаўся якраз у час адкрыцця фестывалю зусім не папсаваў настрою яго ўдзельнікам.

Яшчэ напярэдадні адкрыцця фестывалю ў Вільні адбылася сапраўдная барабанная феерыя, калі тысячы бубначоў у адзін момант зайгралі гімн Be2gether. Гэтая акцыя, дарэчы, была праведзеная ў падтрымку Грузіі. 15 жніўня на адкрыцці фесту таксама была закранутая грузінская тэма. Апавядае адзін з гасцей фэсту, адміністратар беларускага гурта OSIMIRA Віталь Броўка:

- На самім адкрыцці фесту казалася пра падтрымку Грузіі і была абвешчана хвіліна маўчання памяці ахвяраў гэтага канфлікту. Тут амаль усе так ці інакш выказваюць сваю падтрымку – у шмат каго прысутнічаюць грузінскія элементы ў вопратцы, ледзве не кожны носіць паскі з грузінскім сцяжком.

OSIMIRA адкрылі сваім выступам другі дзень фестывалю. Адна з самых цікавых фолк-камандаў Беларусі выступіла на галоўнай сцэне Be2gether. Праграма фестывалю вельмі насычаная, але гурты не выступаюць адзін за адным. Арганізатары прадугледзілі поўгадзінныя паўзы між музычнымі сэтамі, каб гледачы маглі пераходзіць ад адной да другой сцэны. На адной з іх 16 жніўня адыграюць і беларусы з гурта MAUZER. Лідэр каманды Янка сам з задавальннем слухае ўдзельнікаў фестывалю. Найбольш за ўсё ён ўразіўся выступам аднаго з галоўных сёлетніх хэдлайнераў – Tricky.

- На сцэне адбывалася чараўніцтва, містыка, казка. Я проста не мог адарвацца ад сцэны. Ён робіць неверагоднае!

Янка Маўзер канстатуе – узровень беларускіх фестаў зусім не ідзе ў параўнанне з Be2gether. Фестываль такога маштабу ў межах нашай краіны лідэр MAUZER не можа ўявіць.

- Зусім непараўнальна з беларускімі. Be2gether яшчэ які сур’ёзны фэст, у які ўкладзены аграмадныя грошы Беларускім фестам да яго, як да Парыжа ракам.

Яшчэ адны беларускія ўдзельнікі Be2gether – гурт N.R.M. гралі 15 жніўня на цэнтральнай сцэне перад літоўскімі зоркамі BIX і тым самым Tricky. Лявон Вольскі кажа, што яму граць “на разагрэве” нават спадабалася.

- Звычайна мы выступаем у якасці зорак, калі можна выкарыстоўваць гэтае слова ў беларускай сітуацыі. А тут наадварот мы былі малавядомыя, бо няма між нашымі краінамі узаемапрасякнення культураў, асабліва ў музыцы. Але ў такой ролі вельмі цікава выступаць, бо трэба публіку ламаць, весці за сабой, большасць не ведае словаў.

Якраз на выступе N.R.M. папсавалася надвор’е – пайшоў моцны дождж з навальніцаю. Але негледзячы на хваляванні музыкаў гледачы і не думалі разыходзіцца.

- На Be2gether гераічная публіка. Людзей падчас нашага выступу было ўсё болей і болей. І нас уразіла, як гледачы пратрымаліся ўвесь гэты час. Але і мы былі не менш гераічныя:).

Сёлета Be2gether выйшаў яшчэ больш маштабным, чым у 2007 годзе. Але і на гэтым арганізатары спыняцца не хочуць. На трэцім фестывалю яны мяркуюць увасобіць яшчэ больш глабальную задуму – на час правядзення Be2gether далучыць Беларусь да Еўрасаюзу, ды зладзіць музычную акцыю па абодва бакі мяжы.

Сяргей Будкін, Радыё Рацыя, Мінск.

Апублікавана 16.08.2008 by  Андрэй.