Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіАртыкулы › Лявон Вольскі: Мы пішам, як атрымліваецца, як адчуваецца, як чуецца

Лявон Вольскі: Мы пішам, як атрымліваецца, як адчуваецца, як чуецца

Лідэр "N.R.M." распавядае пра свае ўражанні ад рэцэнзій, адзнак і іншых вынікаў здзейсненага сайтам "Experty.by" даследвання творчасці гурта, а таксама прапануе свой рэйтынг альбомаў "N.R.M.".

Для пачатку

Чытаючы гэткі сур’ёзны дослед нашае творчасці, пачынаеш губляць адчуванне рэчаіснасці – часу, краіны, узросту… Але ўсё застаецца на сваіх мейсцах – дзеці пайшлі ў школу, лісце няўмольна жаўцее, па тэлевізары гавораць тое, што ня хочацца чуць.

Пра дослед

У прынцыпе, гэты дослед адпавядае рэчаіснасці. Безумоўна, "Пашпарт…" канцэптуальна і, нават, на маю думку, па нейкім агульным духу прайграе "Одзірыдзідзіне". Пры ўсіх хібах гучаньня, на "Одзірыдзідзіне" стварылася нейкая непаўторная гукавая атмасфэра, на "Пашпарце" ж усё прагучала неяк суха.

Безумоўна, пасля "Пашпарту" "Тры чарапахі" былі прадуктам зусім іншага ўзроўню. І паводле якасьці запісу і паводле большасьці матар’ялу. Ну, і правільна Зміцер Безкаравайны зазначыў, што гэта быў вельмі сваечасовы альбом. Мне не зусім зразумелае нэгатыўнае стаўленне паловы экспэртаў да апошняга альбому "06", але гэта справа экспэртаў – так ці інакш ацэньваць. Таму дзякую ім за ўвагу да нашае працы і выдаткаваны час.

Трэба толькі памятаць, што аўтарытэтныя меркаванні адмыслоўцаў часта не адлюстроўваюць папулярнасьць альбомаў. Так і мусіць быць. Напрыклад, неаднаразова даводзілася чуць пра тое, што "Пашпарт…" – гэта апошні "сапраўдны" альбом гурту, а далей пайшла "галімая папса" і музычка для малалетак. Шмат хто з колішніх прыхільнікаў не прабачыў "N.R.M." у пераход да масавае аўдыторыі, які пачаўся ад "чарапахаў".

У выпадку з апошнім альбомам (я пра "06"), мне падаецца, што народ хацеў пачуць больш традыцыйны "N.R.M.", а атрымалася крыху па-іншаму. Усё таму, што мы пішам, як атрымліваецца, як адчуваецца, як чуецца ў нейкі пэўны момант. Каб мы проста прагнулі ня страціць папулярнасць і заваяваць новых слухачоў, дык вынік быў бы іншы. Невядома ці лепшы. Нават у сэнсе гэтае папулярнасці.

Мой рэйтынг

Для мяне асабіста з кожным альбомам нешта зьвязана, таму яны ўсе для мяне блізкія й дарагія.

На апошняй прыступцы я пастаўлю "La La La La" – яго цяжка назваць вельмі паспяховым дыскам, але "Бывай", напрыклад, арганічна гучыць на канцэрце й зараз. Да ўсяго, гэта быў самы пачатак. З абсалютнага нулю. Я нават ня ведаў, куды нас можа занесці.

На перадапошняй будзе "Пашпарт" – ён атрымаўся няроўны, але бяз песень з яго немажліва ўявіць паўнавартасны канцэрт гурту.

Над ім "Одзірыдзідзіна". Гэта прарыўны альбом ва ўсіх сэнсах – добрая канцэпцыя, тэксты на вокладцы (я разумеў, што палову тэксту слухач не пачуе), паўпадпольнасць і культывацыя яе. З гэтага альбому пачалося сур’ёзнае фанства.

Вышэй – "Дом культуры". Гэта лягічны працяг "Трох чарапахаў". Мне, дарэчы, дагэтуль падабаецца ідэя з п’есай, а таксама выкананне. П’еса – плён досведу паездак па Беларусі з прэзэнтацыяй папярэдняга альбому.

На адной прыступцы з ім "06" – мне яшчэ цяжка больш-меньш аб’ектыўна асэнсаваць гэты альбом, але на мой погляд ён атрымаўся не горшым за "Дом культуры".

Лепшым я таксама лічу "Тры чарапахі". Тут усё зразумела.

Запісаў Зміцер Безкаравайны

Апублікавана 05.09.2008 by  Андрэй.