Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › Падрыхтаваны да перавыданьня дыск Мроі 28-я зорка

Падрыхтаваны да перавыданьня дыск Мроі 28-я зорка

Беларуская Музычная Альтэрнатыва рыхтуе новыя дыскі сэрыі Беларускі Музычны Архіў.

Нагадаем, што ужо выйшлі дыскі Міхася Забэйды-Суміцкага, Сяржука Сокалава-Воюша, Міколы Равенскага, Данчыка, Віктара Шалкевіча і іншыя. Асобным раздзелам ідуць дыскі прысьвечаныя паэтам Ларысе Геніюш, Сяргею Новіку-Пяюну.

Як правіла выдаюцца рарытэтныя, адрэстаўраваныя запісы. На дадазены момант ідзе праца над альбомамі прысьвечаныя выбітнаму грамадзкаму дзеячу Кастусю Каліноўскаму і паэтцы Натальлі Арсенневай. Таксама падрыхтаваны дыск легендарнай Мроі "28-я зорка".

Гаворыць Віталь Супрановіч:

"Дадзеныя дыскі будуць прысьвечаныя 170-годдзю з дня народзінаў Кастуся Каліноўскага і 105-ых угодкаў з дня народзінаў Натальлі Арсеньневай.
Кастусь Каліноўскі вядомы канешне не сваімі вершамі, а як кіраўнік паўстаньня 1863 году. Але разам з гэтым ягоныя маніфэсты выкарыстоувалі шмат якія музыкі у сваіх песьнях, як напрыклад Сяржук Сокалаў-Воюш, Чырвоным па Белым і іншыя. Ёсьць вельмі шмат песень проста прысьвечаных гэтай Асобе з вялікай літары. Таму мы заклікаем музыкаў прапаноўваць нам свае творы.
Натальля Арсеньева, знаная паэтка, болей вядомая, як аўтарка гімну "Магутны Божа", але разам з тым яе паэзія думаю не пакіне нікога абыякавым. Штуршком да падрыхтоўкі гэтага дыску сталі для мяне выказваньні некаторых чыноўнікаў, напрыклад Чаргінца, паводле якога "група людзей, што негатыўна ставяцца да дзяржавы і ўлады, прапанавала ўнесьці ў пералік сацыяльна-значнай літаратуры 6-ці ці 8-мі томнік Ларысы Геніюш, фашысцкага прыхвастня Арсеньневу, і сямітомнік Законьнікава, у якога і двух тамоў не назьбіраецца". Таму наша задача праз нашыя дыскі раскрыць талент гэтых Асобаў, каб кожны самастойна мог зрабіць свае вывады".

Дыск гурта Мроя "28-ая зорка" стане першым дыскам рок-гурта у сэрыі.
"Дадзеная плыта, што была выдадзеная яшчэ за савецкімі часамі, на фірме "Мелодыя" асабіста для мяне вельмі знакавая. Многія гіты гэтай плыты актуальны і сёньня "Я рок-музыкант", "Шмат" і іншыя." - адзначае Віталь Супрановіч.

Дыск дапоўнены аўдыа і відэа-бонусамі.

Свае творы можна прапаноўваць да 1 лістапада.

Сувязь з выдаўцамі па тэл. (029) 6490888
Email: [email protected]
Icq: 361989388

Апублікавана 12.09.2008 by  Андрэй.