Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіАртыкулы › Любімыя дыскі Лявона Вольскага. Частка II – былы СССР і сацлагер

Любімыя дыскі Лявона Вольскага. Частка II – былы СССР і сацлагер

Музычны сайт Experty.by працягвае знаёміць нас с улюбенымі дыскамі Лявона Вольскага.

На гэтым музычным напрамку першым маім сур'ёзным фаварытам быў Высоцкі. Я зафанацеў на яго гадоў у 13. Потым у 1980 годзе я трапіў на канцэрт гурта "Машина Времени" ў мінскім Палацы Спорту. Быў дзікі ажыятаж і я трапіў туды толькі дзякуючы кампазітару Глебаву. Мяне вельмі ўразілі святло, гук, атмасфера. Пасля гэтага я пачаў слухаць іх запісы і наогул менавіта гэты выступ натхніў мяне на тое, каб займацца рок-музыкай.

Потым слухаў "Воскресение". Быў яшчэ Юры Лаза з альбомам "Путешествие в рок-н-ролл" (1983) – вельмі правакацыйная такая праца ў адрозненні ад яго больш позняй творчасці. Мабыць ён нават нічога лепшага з таго часу не зрабіў.

Яшчэ была перадача на бел радыё "Моладзі пра музычнае мастацтва". Там вельмі часта слухачоў знаёмілі з творчасю суседніх рэспублік. Дзякуючы ёй я добра ведаў эстонскі рок. Напрыклад "Рую", "Магнэтык Бэнд", "Рок-гатэль". "Магнэтык бэнд" дык нават спакойна зьбіраў у нас, у Менску, Палац спорту. Прычым, граючы ў ім у дзень па два канцэрты.

У 1982 годзе я пайшоў у войска. Мы (жаўнеры) куплялі ўсё магчымае для праслухоўваньня. Гэта былі вінілавыя дыскі. І, безумоўна, у асноўным, музыка краінаў Варшаўскае дамовы. Дакладней, у роце (маецца на ўвазе вайсковае падразьдзяленьне) можна было паслухаць "Пудыс" і "Карат" (ГДР) альбо рок-н-рольны бэнд "Алімпік" (ЧССР). А ўжо ў сваёй майстэрні (я быў аздабляльнікам, апроч усяго, і мне, як выключэньне, дазволілі карыстацца касэтным магнітафонам) я слухаў музыку выключна заходнюю, у асноўным, мэтал.

Пасля войску ўпадабаў "Аквариум", які да гэтага падаваўся нейкім надта разумным. А вось пасля аддачы пазыкі радзіме да мяне дайшоў гэты спэцыфічны гумар, я зразумеў іхнюю правакацыю і гульню. Пазней, як і ўсе, даволі шмат слухаў "Кино", "Наутилус Помпилиус". Адно што ў мяне не было іхных запісаў, папросту, гэтая музыка гучала, літральна, адусюль.

Вялікую ролю ў маім жыцці адыграла польская музыка. Слухаць яе я пачаў яшчэ да войска. На першых студэнцкіх сельгаспрацах у 1981 годзе мы рэгулярна слухалі польскае радыё, асабліва хіт-парады. Там было даволі шмат заходніх артыстаў, але было і шмат цікавых польскіх.

Тады для гэтых камандаў быў залаты час. Напрыклад гурт "Maanam" запісаў плытку ў ЗША. Разам з тым слухалі й іхнюю папсу – яна была не дрэнная, нашай папсе далека. Гурты "Kombi", "Lombard". З 90-х мы пачалі ездзіць у гэтую Польшчу. Тады ўжо шмат з кім згралі, пазнаёміліся.

З украінскай музыкай я пазнаёміўся ў 1989 годзе, калі ў складзе "Мроі" граў на фестывале "Червона Рута", які адбываўся ў Чарнаўцах. І там ужо ўсе ўкраінскія гурты спявалі толькі па-украінску. Найбольш спадабаліся тады "Брати Гадюкіни". "Воплі Відоплясова" таксама там былі, але яны неяк не прагучалі.

Топ-10 любімых усходніх дыскаў Лявона Вольскага:

Машина Времени "Поворот" (1980) – Я перапісаў альбом пасля згаданага вышэй канцэрту. Ледзьве ня кожная песьня з яго зрабілася гітом. Памятаю, як на танцах мы гралі ўвесь альбом за выняткам толькі пары канцэптуальных песень, пад якія танчыць нельга. А калі можна, дык адно канцэптуальныя танцы. Усе былі ўражаныя, што сьпяваць можна, высьвятляецца, ня толькі пра каханьне й радзіму, камсамол і вясну, але і пра душэўныя й сацыяльныя праблемы звычайнага чалавека. Чалавека, які побач. Ці папросту твае.

Звуки Му "Простые вещи" (1988) – На той час усе піцерскія артысты лічылі, што ў Маскве року няма. Але Пецю Мамонава ўсе прызнавалі. Ён, дзякуючы сваёй дзіўнаватасці стаяў па-за гэтымі лагерамі і падзеламі. На той час тэкст і музыка былі непадзельныя. У гэтага гурта дзіўным была і адно, і другое.

Kazik "Tata Kazika" (1993) – Без "Таты Казіка" не было б "Народнага альбому". Для польскай музыкі гэта было рэвалюцыяй. Казік – лідэр гурту "Kult". Ён ужо на той час быў культавай постаццю як рок-музыка і як рэп-выканаўца. І раптам ён вырашыў выканаць песні свайго бацькі – такі "рускі шансон" на польскі лад. Атрымалася такая грымучая сумесь, што адразу польская рок-музыка часткова пайшла у гэтым накірунку. Дарэчы, шмат хто з палякаў лічыць некаторыя песні з гэтага альбому народнымі.

Воплі Відоплясова "Країна мрій" (1994) – Калі я пабачыў напрыканцы 80-х у праграме "Взгляд" кліп "Танці", я проста "афігеў". Прычым менавіта з музыкі. На той час украінскія рок-выканаўцы мала спявалі на роднай мове, а ўжо праз два гады – палова. Тут шмат песень, з якіх ні слова, ні ноты не выкінеш – яны проста геніяльныя. Зразумела, чаму іх французы адразу да сябе пераманілі.

Goran Bregovic "Ederlezi" (1998)– Нечаканы балканскі прарыў на эўрапейскі рынак, які працягваецца і зараз. Ніхто ніколі не зграе такія партыя духавых, як яны. У іх нейкая своеасаблівая тэхніка. Ён быў першы, хто давёў балканскую музыку да сучаснага масавага слухача.

Zdob Si Zdub "450 de oi" (2003) – Рэдкі сплаў этна, рок-музыкі і іншых сучасных плыняў. Пасля разброду і шатання "Аграрамантыкі", тут ўсё вельмі дакладна. Нягледзячы на тое, што альбом вельмі няпросты, артавы, слухаецца ўсё роўна на адным дыханні.

Океан Ельзи "Gloria" (2005) – Для постсавецкай прасторы ўзорна запісаны альбом. Яго можна слухаць за адну суперпесню "Без бою". У папярэдніх альбомах мне не падабаўся запіс, яшчэ нешта. У гэтым ўсё неяк адно да аднаго.

Strachy Na Lachy "Piła Tango" (2005) – Гэта гурт Кшыштафа "Грабаша" Грабоўскага, аднаго з заснавальнікаў культавай польскай панк-банды "Pidżama Porno", якая існуе і зараз. Мне здаецца, што гэты альбом атрымаўся ў яго нават лепей, чым апошнія альбомы асноўнага гурта. Тут арыентацыя на нейкую лацінаамерыканскую, этнічную музыку. Гэтая празрыстасць і лёгкасць дала яму магчымасць больш лірычна выказацца, як паэту. Штосьці кшталту польскага Ману Чао.

Brainstorm "Four Shores" (2006) – Падабаецца менавіта як яны спяваюць па-ангельску, бо калі па-расейску, у вакаліста нават манера спеву змяняецца. Распеўная, пазнавальная мелодыка з вельмі сімпатычным вакалам. Дзіўна, але вельмі спадабаліся яны, калі мы былі ў ЗША. Наогул музыка вельмі эклектычная, нават французскія ўплывы там ёсць.

Аквариум "Беспечный русский бродяга" (2006) – Мне вельмі падабаліся альбомы пачатку 80-х – ён быў вельмі выбітнай творчай фігурай. Ды й зараз БГ мне імпануе больш, чым постаці іншых расійскіх ранейшых рок-герояў. Я даўно не слухаў яго, а вось гэты альбом уставіў. Непадобна, што гэта работа вельмі сталага чалавека і гэта плюс.

Запісаў Зміцер Безкаравайны

P.S.: "Любімыя дыскі" – любімыя дыскі розных часоў, якія з задавальненнем слухаеш і зараз.

P.P.S.: Пра любімыя беларускія дыскі Лявона Вольскага чытайце на наступным тыдні.

Апублікавана 24.10.2008 by  Андрэй.