Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіАртыкулы › Show must go one!

Show must go one!

Эсэ Лявона Вольскага пра беларускую музычную рэчаіснасьць: “Хочацца жыць не ў галечы, рэпэтаваць не ў сутарэньнях, запісвацца не ў кампутар, а калі ў кампутар, дык не ў той, што стаіць у цябе на кухні паміж імбрыкам і патэльняю з каўбаскай...”

Еду па Амэрыцы. З амэрыканскімі сябрамі. На амэрыканскай машыне. Уключаны МР3-плэер, і машыну запаўняе спампаваная з нэту беларуская музыка. Мы едзем не адну гадзіну, бо ў Штатах адлегласьці далёка не беларускія – 300 міляў у адзін бок – гэта як у нас на лецішча зьезьдзіць. І вось мы едзем, а музыка гучыць. Я гэта ўсё неаднаразова чуў, а на некаторыя песьні пасьпеў даўно забыцца, і ціха зьдзіўляюся сам сабе: колькі ж за няпоўных пару дзясяткаў гадоў існаваньня беларускае рок- і проста сьвядомае музыкі створана цікавых, якасных (можа ня вельмі добра запісаных, але якасных паводле іншых парамэтраў – энэргіі, думкі, душы…) песень! І галоўнае, што працэс не спыняецца, нэт запаўняюць новыя й новыя песьні, выдаюцца новыя дыскі…

Што штурхае нашых музыкаў да дзеі? Прага грошай, вядомасьці, посьпеху ў дзяўчынаў?

І гэта таксама. Толькі грошай ня будзе, як пісаў паэт (“Грошай ня будзе, будзе толькі грош” – А.Дземідовіч). Нават калі ўдзельнічаць у розных дзяржакцыях тыпу “Славянскага базару” ці “Скрыжаваньняў Яўропы”. Нават калі ўступіць у БРСМ. Ад гэтага шоў-бізнэс у Беларусі ня зьявіцца. Нават супэр-профі-музыкі, што граюць тройчы на тыдзень халтуры тыпу карпаратыўных вечарынаў, намэнклятурных вясельляў і элітных дзён нараджэньня, - нават яны жывуць у спальных раёнах, езьдзяць на патрыманых машынах і галоўнае іхнае багацьце – дарагія якасныя музычныя інструмэнты. І ты можаш трыццаць разоў на дзень круціцца па радыё і тэле. І цябе будуць пазнаваць на вуліцах, і браць аўтографы, а ўсё адно азалаціцца не атрымаецца.

Зрэшты, наколькі я ведаю, беларускія сьвядомыя музыкі такой мэты й ня маюць. Адно што хочацца жыць не ў галечы, рэпэтаваць не ў сутарэньнях, запісвацца не ў кампутар, а калі ў кампутар, дык не ў той, што стаіць у цябе на кухні паміж імбрыкам і патэльняю з каўбаскай. Так ужо атрымалася, што даўно мінулі 80-я зь іхнай стылістыкай “пражыганьня жызьні”, п’янствам – як неабхадной часткай багемнага жыцьця, начнымі размовамі на кухнях і іншай савецкай атрыбутыкай. А побыт нашых музыкаў ня вельмі зьмяніўся. Бо яны не ўкладаюць грошы ў чэкі “маёмасьць”, нерухомасьць і акцыі. Яны фінансуюць ўлюбёную справу – запісваюць і выпускаюць альбомы, самотнікі, зборкі, плацяць за рэпэтыцыі, за арэнду абсталяваньня, за сьвятло, за… можна пералічваць да канца наступнае старонкі.

Ніхто й ніколі (маюцца на ўвазе нейкія афіцыйныя структуры тыпу мінкульту) не дапамагаў беларускім незалежным музыкам. Хаця яны ў розныя часы рэпрэзэнтоўвалі нашую краіну на сусьветна вядомых фэстывалях, гралі ў розных краінах. І ў некаторых з гэтых краінаў пра Беларусь ведаюць толькі цераз гэтых самых беларускіх музыканьцікаў. Церазь іхныя канцэрты. Цераз гутаркі пасьля гэтых канцэртаў. Цераз інтэрвію на радыё, у газэтах, на тэлевізіі. А нашыя героі, вярнуўшыся дадому тры дні не выходзілі з дэпрэсіі, пілі трывожнае айчыннае піва й вырашалі: можа, ўсё-ткі зьехаць у спакойную заходнюю краіну, дзе ўсе цябе паважаюць і любяць і захапляюцца тваім талентам? Але калі ты туды прыедзеш назаўжды, дык ніхто ня будзе захапляцца талентам усходнеславянскага ўцекача, што грае пад мостам песьні пад гітару. Ну, кінуць пару манэтак…

Ніхто, паўтаруся, з афіцыйных структураў не дапамагаў беларускай незалежнай музыцы. Каб хоць не заміналі! Дык не. Вось чорныя сьпісы – бздура намэнклятуры! Паглядзець бы на гэтых забараняльшчыкаў, паглядзець бы на гэтыя сьпісы! Але зараз усё робіцца ціха (навучыліся). Неяк у інтэрнэце ў гасьцёўні аднаго беларускага музычнага парталу зайшла гаворка пра гэтыя чорныя сьпісы, і адзін малады, але ўжо скандальнаваты журналіст (апроч вольнага журналізму працуе кімсьці на БТ) заявіў: Ды ў нас на БТ гэтыя сьпісы ў кожным кабінэце вісяць! Яму, натуральна, прапанавалі хоць адну паперку зьняць са сьцяны й прынесьці. Як доказ. Ня зьняў. Не прынес. Малады ён, малады, скандальны ён, скандальны, але пабаяўся.

Зоркі… Мы-зоркі. Вядомыя беларускія музыкі. Адна дама мне сказала: клясыкі. Адзін клясык жыве ў хрушчоўцы з мамай, сястрой, жонкай і дарослым сынам, другі здымае такую ж хрушчоўку, на кухні ў яго – студыя. Трэці – восем гадоў у інтэрнаце-маласямейцы з жонкай і дачкой…

І ўсе гэтыя клясыкі на свае вочы бачаць, што робіцца з аналягічнаю музыкаю ва Ўкраіне, у Польшчы, у Расеі, бо цяперашнія суседзкія рок-ідалы – нашыя даўнія знаёмыя, сябры, калегі. Яны зусім па-іншаму жывуць, на іншым граюць, іншыя грошы зарабляюць. Пры гэтым у большасьці зь іх атрымалася ня здрадзіць ідэалам, не зваліцца ў брутальную камэрцыю. Безумоўна, у нас канцэрты энэргічнейшыя, у нас засталася гэтая адвечна рок-н-рольная нотка бунту, пратэсту, і гэта ня бітва з Макдональдсам ці Майкрасорфтам… Але якой цаною! Нам часам зайздросьцяць суседзі-калегі: вам, насамрэч, пашчасьціла, ёсьць з чым змагацца, тэмы пад нагамі ляжаць, толькі падымай! Дык вось ня думаю каб дзеля гэтых тэмаў ты б згадзіўся дзесяць гадоў жыць у аднапакаёўцы ў атмасфэры халоднае вайны з навакольнай рэчаіснасьцю, бяз грошай, з канцэртамі два разы на год…

І вось я еду па Амэрыцы, мільгаюць указальнікі, беларуская музыка грыміць у машынеШмат яе, гэтае музыкі. І з кожным годам усё болей. І ва ўсім сьвеце беларусы (альбо тыя, каго цікавіць Беларусь, а гэткіх – процьма) пампуюць, наразаюць, капіююць гэтую музыку. Калі б палічыць наклад гэтых скапіяваных і нарэзаных дыскаў, дык атрымалася б уражвальная лічба. Але справа ня ў лічбах. Не ў залатых дысках і “Грэмі”. Справа ў тым, што нашая музыка цяпер – неадымная частка краіны. І калі прыедзе заінтрыгаваны Беларусьсю іншаземец, яго пазнаёмяць з замкамі, лясамі, азёрамі, пазнаёмяць з фантастычнай прыродаю і фэнамэнальным дэбілізмам сфэры абслугі. І абавязкова падораць некалькі дыскаў зь беларускай музыкай. Каб потым ён у сваім Лёндане слухаў і прыгадваў наш край. Каб потым ён спампаваў, скапіяваў, нарэзаў свайму сябру, а той – яшчэ аднаму калегу.

І таму спыняцца нельга. Ня той час, ня тая краіна, ня той узрост, ня той матэрыяльны ўзровень… Але. Як ні банальна гэта гучыць: show must go one!

Апублікавана 11.08.2005 by  Slaver.