Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › Крамбамбуля ў дзясятцы

Крамбамбуля ў дзясятцы

«Містэрыя гуку» Топ-10 / 2008

1. Сярога «Хроника парнишки с гомельских улиц»
2. J:морс «Адлегласьць»
3. Ляпiс Трубяцкой «Капітал»
4. Тяни-Толкай «Как же долго я тебя искал»
5. Шаркунова Аня «Сердце красавицы»
6. БЕЗ БИЛЕТА «Настоящая любовь»
7. Детидетей «ОтЛично»
8. Бьянка «38 замков»
9. Neuro Dubel «Stasi»
10. Крамбамбуля «The Best albo Belarusian Disco»

3 сакавіка ў менскай кавярні Upteka былі названыя самыя прадавальныя беларускія дыскі мінулага году ў сетцы дыскарняў «Містэрыя гуку». Топ-10 поўны нечаканасьцяў: у яго трапіў шэраг альбомаў 2007 году, як «Stasi» Neuro Dubel і «Адлегласьць» «J:морс», але няма «Маніфэсту» ад «Ляпісаў» ды ніводнага альбома «Троіцы». Да ўсяго беларусы сталі болей набываць дыскі айчынных пап-выканаўцаў. Самым жа прадавальным айчынным рэлізам стаў альбом Сярогі — «Хроніка парнішкі з гомельскіх вуліц». Вынікі прэміі аналізуе яе заснавальнік Адам Старповіч.

2008 год у беларускай музыцы з пункту гледжаньня рэлізаў аніяк не назавеш правальным — айчынныя выканаўцы выдалі больш за 60 дыскаў. Іншая справа ў тым, што летась яўна не ставала топ-рэлізаў, то бок дыскаў, якія бы прэтэндавалі на большыя аб’ёмы продажаў.

Асабліва красамоўна пра тое сьведчыць факт, што Топ-10 па выніках 2008 году напалову складаецца з дыскаў, выдадзеныя на год раней («J:морс», «Ляпіс Трубяцкой», Neuro Dubel, «Крамбамбуля»), а то і на два («Тяни-Толкай»). Хоць і ёсьць верагоднасьць, што некаторыя рэлізы, выдадзеныя пры канцы 2008 году яшчэ пакажуць сябе сёлета.

Адным з галоўных прэтэндэнтаў на гэтым фоне мог бы быць альбом «Маніфэст» гурта «Ляпіс Трубяцкой», але музыкі найперш вырашылі яго выкласьці ў сеціва, што пазбавіла яго большай часткі першапачатковых продажаў. Хоць можна адзначыць, што нават пры гэтым альбом ледзь ня трапіў у Топ-10 і цяпер мае стабільны попыт.

Стылістычна дзясятка 2008 году атрымалася больш збалянсаванай і разнастайнай. Калі ў Топ-10 пазамінулага году было 9 рок-рэлізаў і 1 дыск з вобласьці пап-музыкі, то летась узнагародамі адзначаныя 6 дыскаў рок-музыкаў, 3 пап-альбомы і 1 рэп-рэліз. Разам з тым, па ўсім бачна, што запісы рок-музыкаў па-ранейшаму прадаюцца куды лепш за працы выканаўцаў іншых жанраў.

ТГ

Апублікавана 03.03.2009 by  Андрэй.