Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › Піт сыграў для консула

Піт сыграў для консула

У межах свайго міні-туру па Прыбалтыцы Піт Паўлаў даў VIP-канцэрт у Таліне, дзе прысутнічалі амбасадар Польшы ў Эстоніі, генэральны консул Беларусі і іншыя афіцыйныя асобы. Як паведамляе прэс-служба сьпевака, падчас візыту беларускага музыкі ў Прыбалтыку «былі дасягнутыя цьвёрдыя дамовы аб далейшым супрацоўніцтве».

Піт ПаўлаўТур па Прыбалтыцы стаў першым у сольнай кар’еры Піта Паўлава. Да гэтага ён граў на гэтай тэрыторыі толькі ў складзе N.R.M. у акцыі «Рок-рэвалюцыя» (2006) і фэсьце Be2gether летась. У Вільню, Рыгу і Талін беларускі музыка выправіўся, дзякуючы галерэі ZOYA і Пятру Дудановічу, якія ладзілі акцыю «Сталіца словаў». Спачатку ён даў канцэрт у кавярні «Uzupio», што месьціцца ў артыстычным раёне Вільні. Музыка выканаў, як песьні з свайго праекту GARADzKIJA, так і вядомыя частцы публікі сьпевы з «Народнага альбома» ды ўласна народныя беларускія творы. Далей былі ня менш душэўныя канцэрты ў Рызе і Таліне.

У сталіцы Эстоніі выступ Піта прайшоў у амбасадзе Польшчы ў Эстоніі. Цікава, што акром Томаша Хлона, пасла Польшчы ў гэтай краіне, прысутнічаў і генэральны консул Беларусі ў Таліне Аляксандар Астроўскі ды іншыя афіцыйныя асобы. Наконт посьпеху канцэрту сам музыка мяркуе па колькасьці прададзеных дыскаў падчас яго выступу. Увесь прывезены наклад альбомаў гуртоў GARADzKIJA ды Pete Paff быў раскуплены.

Як паведамляецца ў паведамленьні прэс-службы сьпевака, падчас візыту беларускага музыкі ў Прыбалтыку «былі дасягнутыя цьвёрдыя дамовы аб далейшым супрацоўніцтве».

Вельмі хутка Піта можна будзе пачуць і ў Менску. 23 траўня гурт GARADzKIJA адкрые сваім выступам фэстываль «Bela Music — 09».

ТГ

Апублікавана 05.05.2009 by  Андрэй.