Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › Падчас матчаў заўзятары хацелі б чуць Краму і N.R.M.

Падчас матчаў заўзятары хацелі б чуць Краму і N.R.M.

Хакеісты Дынама-Мінск будуць перамагаць пад песні Крамы і N.R.M.

Апроч таго хакеісты збіраюцца прапагандаваць беларускую мову, а ў якасці шоўменаў на спартовыя спаборніцтвы запрашаюць вядомых дыджэяў і вядоўцаў рок-канцэртаў.

Адзіны ў Кантынентальнай хакейнай лізе беларускі клуб “Дынама-Мінск” вырашыў цалкам змяніць падыход да аздаблення матчаў са сваім удзелам. Хакеісты зрабілі стаўку на рок-н-рол і беларускую мову. Пра гэта Еўрарадыё расказала прадстаўніца клуба Юля Ўласава.

Юля Ўласава: “У КХЛ гуляюць тры клубы “Дынама”: “Дынама-Масква”, “Дынама-Рыга” і “Дынама-Мінск”. Мы выдатна разумеем, што мы ўсе “Дынама”, але кожны з нас нечым адрозніваецца. Чым “Дынама-Мінск” адрозніваецца ад “Дынама-Масква” альбо “Дынама-Рыга”? Тым, што яно мінскае, і тым, што яно беларускае. Менавіта таму мы ўсё больш і больш будзем прасоўваць беларускамоўнасць. Што ж тычыцца рока, хакей — гэта спорт суровых мужчын. Суровыя мужчыны значна больш асацыююцца з рокам, чым з поп-музыкай”.

Але, кажа, рашэнне гэтае не было спантанным. Яшчэ летась хакейны клуб правёў апытанне сярод фанатаў і высветліў, што падчас матчаў яны хацелі б чуць “Краму” і N.R.M., а не Ірыну Дарафееву, напрыклад.

Юля Ўласава: “Мы вельмі пазітыўна ставімся да Ірыны Дарафеевай, але мы прааналізавалі, колькі адсоткаў мужчын і колькі жанчын сярод нашых фанатаў. Гэта ўсё ж больш мужчыны і больш моладзь. Якім, я вас упэўніваю, бліжэй рок-музыка. Летась мы апытвалі наш фан-сектар, якую музыку яны хацелі б чуць, — і большасць называлі менавіта беларускіх музыкаў”.

У клубе нават ужо склалі спіс гуртоў, якія хацелі запрасіць выступіць у перапынках хакейных матчаў, і песень, якія б натхнялі хакеістаў на перамогу. Засталося толькі ўдакладніць усе нюансы з самімі музыкамі. Каб ведаць іх стаўленне да гэтага і не парушыць аўтарскія правы ў выпадку з выкарыстаннем іх песень.

Юля Ўласава: “У нас ёсць спіс гуртоў, з якімі мы б хацелі дамовіцца на выступ. Але тут, зразумела, усё залежыць ад грошай, ад апаратуры. Што тычыцца песень, то ў гэтым спісе ёсць песні Аляксандра Памідорава, кампазіцыі гуртоў “Сьцяна”, N.R.M, “Уліс”, “Ляпіс Трубяцкой”. “Крама”, безумоўна. “Крама” і “Палац” у нас будуць гучаць дакладна”.

Еўрарадыё даведалася, як музыкі ставяцца да магчымасці выступу на лядовай пляцоўцы і да таго, каб іх песні гучалі падчас хакейных матчаў.

Лідэр N.R.M Лявон Вольскі расказаў пра тое, што кавалак песні “Гадзючнік” ужо гучаў на матчы “Дынама”. І ён не мае нічога супраць гэтага.

Лявон Вольскі: “Мне ўжо казалі, што падчас матчу “Дынама” і нейкага там яшчэ, я не вельмі добра разбіраюся ў хакеі, ужо гучаў “Гадзючнік”. У якасці спартовага гімну прыпеў гучаў, што “ўсё роўна мы пераможам”. Яно даволі прыкольна, мне спадабалася. Хай спартоўцы карыстаюцца, можа сапраўды натхніць на перамогі. Я ж не супраць таго, каб беларускі спорт перамагаў — толькі за! Рукамі, нагамі і ўсім астатнім”.

Не бачыць ён нічога дрэннага і ў тым, каб падбадзёрыць хакеістаў энергетыкай жывога канцэрта. Можа, кажа, гэта іх падштурхне да таго, каб усіх “парваць”.

Добра ставіцца да таго, што песні “Улісу” будуць гучаць падчас матчаў, і лідэр гурта Слава Корань. Але сумняваецца, што арганізатары здолеюць стварыць неабходныя ўмовы для жывога рок-канцэрта на хакеі.

Слава Корань: “Калі камусьці падабаецца “Уліс” — няхай гучаць песні. Але вельмі цяжка зрабіць выступ падчас матчу. Я не ведаю, як гэта магчыма. Але тэарэтычна я не супраць выступіць. Толькі трэба дакладна зразумець, як гэта магчыма і як гэта будзе”.

Дарэчы, “Дынама” збіраецца не толькі ўпрыгожыць хакей рок-н-ролам, але і памяняць вядучых на матчах. Ужо некалькі разоў ля мікрафона на лядовай пляцоўцы працаваў праграмны дырэктар радыёстанцыі “Радиус FM” Уладзімір Богдан. Зараз ідуць перамовы з Аляксандрам Памідоравым, якога аматары беларускага рока бачылі ў якасці вядучага на сцэне фестывалю “Басовішча”.

Зміцер Панямонаў, Эўрапейскае радыё

Апублікавана 18.09.2009 by  Андрэй.