Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › Восеньскія барды зьбіраюцца ў Лісінай нары

Восеньскія барды зьбіраюцца ў Лісінай нары

Бардаўская ВосеньАрганізатары фэстывалю беларускай аўтарскай песьні «Бардаўская восень» 27 верасьня ў менскай кавярні «Лісіная нара» ладзяць адборачны канцэрт для беларускіх канкурсантаў. Пераможцы гэтага адбору возьмуць удзел у конкурснай праграме «Бардаўскай восені — 2009» у Польшчы. Падтрымаць канкурсантаў сваім выступам абяцае спэцыяльна запрошаны госьць Лявон Вольскі.

Празь месяц, пры канцы кастрычніка на Беласточчыне ў Польшчы пройдзе фэстываль беларускай аўтарскай песьні «Бардаўская восень». Цягам 15-ці гадоў фэстываль разьвіваецца, расьце і дае магчымасьць шматлікім аматарам добрай аўтарскай музыкі атрымліваць асалоду ад выступленьняў упадабаных беларускіх артыстаў: Віктара Шалкевіча, Алеся Камоцкага, Зьмітра Вайцюшкевіча, Касі Камоцкай, Лявона Вольскага й іншых. Таксама наведнікі «Восені» могуць згадаць і адкрыцьці фэсту — Дар’ю Кадамскую, гурт «Босае Сонца», Тацьцяну Беланогую.

Нязьменным на працягу ўсіх 15 гадоў на «Бардаўскай восені» застаецца галоўнае — неверагодна ўтульная і цёплая атмасфэра ды шмат сапраўды прыгожай якаснай жывой беларускай музыкі. Штогод на фэстывальную сцэну акрамя сталых, знакамітых беларускіх музыкаў і калектываў, падымаюцца і маладыя выканаўцы, якія маюць магчымасьць прадэманстраваць сваю творчасьць у конкурснай праграме «Бардаўскай восені».

Адбор на конкурсную праграму «Бардаўскай восені — 2009» пройдзе ў Менску 27-га верасьня (пачатак а 19-й гадзіне) у кавярні «Лісіная нара» (вул. Каліноўскага, 32).
Апроч канкурсантаў выступяць таксама гурт «Босае сонца» і Лявон Вольскі.

Уваход на канцэрт вольны.

Дадатковую інфармацыю можна атрымаць па тэлефонах: (029) 111-32-32, (029) 508-04-83.

Тузін Гітоў

Апублікавана 20.09.2009 by  Андрэй.