Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › Лявон Вольскі выпускае музычны праект у стылі 60-х

Лявон Вольскі выпускае музычны праект у стылі 60-х

Як паведамляе сайт generation.by, на наступным тыдні адбудзецца рэліз супольнага праекту «Такога няма нідзе», аўтарам усіх песень якога зьяўляецца Лявон Вольскі. Канцэртная прэзэнтацыя дыску пройдзе 22 сьнежня ў межах выступа музыкі на фэсьце пазытыўнай музыкі «Сонцастаяньне» ў клюбе «Рэактар».

Разам з Лявонам у запісе праекту, прысьвечанаму 60-м гадам мінулага стагодзьдзя, узялі ўдзел Павал Булатнікаў («Ляпис Трубецкой»), Алег Хаменка («Палац»), Уладзімір Пугач («J:морс»), Віталь Артыст («Без Билета»), Руся (Indiga, Akana-NHS) і іншыя музыкі, а таксама акторы Ганна Хітрык («ДетиДетей»), Сьвятлана Зелянкоўская, Алег Гарбуз. Апрача музычнага альбому праект мае і відэавэрсію з 11 песень.

«Праект зьяўляецца псэўдадакумэнтальным пазытыўна-музычным экспэрымэнтам на тэму таго, як бы выглядалі і што б сьпявалі яго ўдзельнікі, каб жылі ў тыя часы ў розных краінах сьвету — ад Францыі, Англіі і ЗША да Беларусі і Кітая. Мне здаецца, што мы зрабілі шэраг сэнсацыйных і нават шакіруючых выкрыцьцяў», — прызнаўся Лявон.

«Такога няма нідзе» пабачыць сьвет у форме двухдыскавага (CD + DVD) калекцыйнага выданьня ў digipack зь вялікім буклетам. Акрамя 11 песень праекту абодва дыскі будуць зьмяшчаць бонусы. На CD таксама будзе зьмешчана новая кампазыцыя «Дай мне знак» (аўтар і выканаўца Лявон Вольскі), а на DVD — тэксты і акорды да ўсіх песень, фотагалерэя здымкаў, а таксама інтэрвію з удзельнікамі.

Першыя асобнікі павінны зьявіцца ў крамах «Містэрыя гуку» ўжо 21 сьнежня.

Канцэртная прэзэнтацыя праекту адбудзецца 22 сьнежня ў межах выступу Лявона Вольскага на фэсьце пазытыўнай музыкі «Сонцастаяньне».

«Насамрэч, гэта добрая нагода, асабліва ўлічваючы тое, што там будуць і іншыя ўдзельнікі праекту, якіх сабраць зараз вельмі цяжка. Нешта выканаем дуэтам, нешта я засьпяваю, а таксама прагучаць нейкія іншыя гіты зь іншых праектаў. Карацей, будзе весела», — абяцае Лявон.

Апублікавана 15.12.2009 by  Андрэй.