Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › Metallica ўпадабала Піта Паўлава

Metallica ўпадабала Піта Паўлава

Тытаны цяжмету дазволілі беларускаму музыку выконваць кавер на "Nothing Else Matters".

Песню "Сродак і мэта", што з’яўляецца кавер-версіяй на хіт гурта Metallica Піт Паўлаў будзе выконваць на сваіх канцэртах абсалютна легальна. Музыкант даслаў беларускі варыянт "Nothing Else Matters" аўтару твора Джэймсу Хэтфілду і атрымаў згоду.

Беларускі музыка перыядычна выконваў гэтую песню на сваіх сольных канцэртах, а калі вырашыў запісаць яе ў студыі, то звязаўся з менеджментам гурта Metallica з просьбай даць дазвол на выкарыстанне арыгінальнай мелодыі і атрымаў на тое згоду, паведамляе udf.by. Цяпер музыка збіраецца адаслаць яшчэ і падрадкоўнік беларускага тэксту, каб Metallica ацаніла якасць пераспеву.

Піт прызнаецца, што ў падлеткавым узросце вельмі захапляўся творчасцю гэтага гурта, а "Nothing Else Matters" дагэтуль лічыць адной з сваіх улюбёных песень. Ён спадзяецца, што тэкст яе беларускамоўнай версіі хутка пойдзе ў народ (слухаць).

"Nothing Else Matters" (Нічога больш не мае сэнсу) – балада, што выйшла ў1991 годзе на так званым Чорным альбоме “Metallica”. У 1992 годзе песня дасягнула 11 месца ў чарце Hot Mainstream Rock Tracks.

Зазначым, што "Nothing Else Matters" адна з самых папулярных песень дзеля творчай перапрацоўкі. Каверы на яе стваралі Apocalyptica, Die Krupps, Венскі хор хлопчыкаў, Iron Horse, Savatage, Gregorian, Apoptygma Berzerk ды іншыя.

Барыс ЖАЎТКОЎ, “МЫ”

Апублікавана 16.01.2010 by  Андрэй.