Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › Сумбурная яблыня грому

Сумбурная яблыня грому

Вольскі ўзяўся за чужое. Ці то з прычыны, што не выходзіць свайго, ці тое таму што сапраўды адчуў пакліканьне надаць актуальнасьці вершам з спарахнелых томікаў беларускай літаратурнай клясыкі. Задума з аднаго боку досыць простая — шмат хто падкладаў акорды пад «Пахне чабор» у школьныя часы, каб лягчэй на памяць вучылася. З іншага — трэба так абыграць клясычныя словы, каб сьмеху і сораму ня выйшла.

Некаторыя трэкі зь «Белай яблыні» («Гэй, наперад», «Вецер Радзімы», «У турме») слухаюцца так, нібы запісаныя для новага посткрызыснага альбому N.R.M. Прынамсі, у рэпэртуар гэтага (паў)мёртвага гурта яны маглі бы спакойна ўвайсьці. Як зрэшты і другая частка песень — у канцэртны трэк-ліст «Крамбамбулі». «Скандынаўская песьня» нібы нават адмыслова выдаецца за прыпадабненьне да «Марскога чалавека». «Крамбамбульны» цень прабягае нават у творы, напісаным на словы Адама Міцкевіча, на словах: «Ты пры апошняй стрэчы ў ГАІ… апошнім пацалункам упаі». Толькі за некаторымі песьнямі адчуваецца Сапраўдны Сур’ёзны Сольны Вольскі. Самы яскравы прыклад, канечне, цудоўная загалоўная песенька. У цэлым жа альбом выйшаў надта сумбурным: ідэя нібы чытэльная, але цэласнага ўражаньня не складаецца.

Лявон Вольскі — Белая яблыня грому, Go-Records, 2010

SB, ТГ

Апублікавана 04.05.2010 by  Андрэй.