Page 1 of 1

Канцэрты праекту «ЖывыГукON-line»

Posted: 19.03.2010 - 10:11
by Slaver
Image

«ЖывыГукON-line» — музычны праект, галоўная задача якога — даць магчымасць маладым музыкам паказаць сябе вялікай публіцы, а ёй, адпаведна, рэгулярна хадзіць на рок-канцэрты і знайсці сабе новае кола знаёмстваў. Мерапрыемствы праходзяць на працягу ўсяго году ў розных месцах, якія можна прыстасаваць пад рок-канцэрты — на вуліцах, у кватэрах, гаражах, альтанках і клубах.

Праект «ЖывыГукON-line» арганізаваў вядомы беларускі музыка Піт Паўлаў некалькі гадоў таму. Першыя канцэрты праходзілі ў сценах інтэрнэт-кавярні «Сюоз On Line» і адначасова трансляваліся ў сеціве, а з мінулага года праект выйшаў на новы ўзровень. Летам 2009 года быў праведзены опен-эйр у дворыку Дома афіцэраў, які наведалі каля тысячы чалавек, і шэраг іншых канцэртаў. У гэтым годзе канцэрты ўжо прайшлі ў Менску і Воршы, а ў наступным годзе плануецца вялікі рок-фэст ля сцен замка ў Любчы.

Кастынг сярод музыкаў на права ўдзелу ў канцэртах праекта працягваецца. Кожны раз будуць выступаць 2-3 новых калектываў, таму ўсе, хто ўжо раней падавалі заяўкі, захоўваюць магчымасць быць запрошанымі. Свае запісы, інфармацыю аб гурце і ўсё, што можа дапамагчы скласці меркаванне аб творчасці гурта, дасылайце на адрас [email protected].

Posted: 2.04.2010 - 09:06
by Slaver
Праект «Жывы гук ON-line» пачынае веснавую серыю канцэртаў.

Першы канцэрт серыі адбудзецца 2 красавіка ў самым цэнтры Мінску, ў Палацы Мастацтва, ў межах арт-фэстывалю «Fun House». Леташнія канцэрты праекту «Жывы гук ON-line» стварылі новую мадэль існавання альтэрнатыўнае сцэны ў нашым горадзе і сталі ў шэраг найбольш адметных імпрэзаў году. Атмасфера чэрвеньскага фэсту ў Дворыку Дома Афіцэраў, які наведалі каля тысячы чалавек, нарэшце нагадала ўсім прысутным і тым, хто далучыўся да інтэрнэт-трансляцыі і глядзеў фотарэпартажы, што Мінск — еўрапейскі горад.

«Жывы гук ON-line» плануе серыю рок-канцэртаў і ў гэтым годзе. Галоўная задача праекту — даць музыкам сцэну, а публіцы — магчымасць завесці звычку рэгулярна хадзіць на рок-канцэрты, а значыцца знайсці сабе новае кола знаёмстваў. Мерапрыемствы будуць праходзіць на працягу году ў розных месцах, якія магчыма прыстасаваць пад рок-канцэрт — на вуліцы, у кватэрах, гаражах, альтанках ды клубах. А завершыць сезон — вялікі фэстываль.

Захоўваючы інтрыгу, поўны склад удзельнікаў арганізатары абвесцяць на наступным тыдні. Але дакладна вядома, што ў межах канцэрту 2 красавіка будуць паказаныя фрагменты фільму, знятага падчас папярэдняга канцэрту. А ўсе, хто прыйдзе, стануць ўдзельнікамі on-line трансляцыі і героямі наступнага музычнага фільму. Трансляцыя будзе арганізаваная пры тэхнічнай падтрымцы інтэрнет кавярні «Саюз On-line».

----

Вызначаны спіс гуртоў-удзельнікаў першага канцэрту вясновай серыі праекту «Жывы гук ON-line», які адбудзецца 2 красавіка ў мінскім Палацы Мастацтва ў межах арт-фестывалю «Fun House».

З некалькіх дзесяткаў заявак, пададзеных музыкамі для ўдзелу ў канцэрце, арганізатары адабралі 4 гурты — «Глебстеры», Re1ikt, The Blackmail і «Мутнаевока». Госцем фестывалю стануць Garadzkija.

Posted: 27.10.2010 - 16:28
by Slaver
7 лістапада ў мінскім клубе «Рэактар» адбудзецца чарговы канцэрт у межах музычнага праекту «ЖывыГукON-line». Дата правядзення гэтага канцэрту абрана не выпадкова. 7 лістапада — гэта ня проста «чырвоны дзень календара», але і дзень нараджэння ідэйнага кіраўніка праекта «ЖывыГукON-line» і вядомага беларускага музыкі Піта Паўлава.

«Гэты халодны восеньскі вечар будзе лепш за ўсё правесці ў цёплым „Рэактары“, адпачыць і паслухаць добрыя гурты, — кажа Піт. — Тым больш, гэта будзе першы канцэрт нашага праекту на клубнай пляцоўцы, і адразу ў такім значным мінскім месцы».

Павіншаваць Піта, апроч яго ўласнага гурта GaradZkija, прыйдуць маладыя, а таксама ўжо вядомыя беларускія гурты:
  • для гурта Clover Club гэта будзе літаральна першы выступ перад вялікай аўдыторыяй. Але ўжо зараз можна паслухаць іх дэбютны сінгл «So Full of Clover»
  • «Глебстеры», якія ўжо двойчы гралі на канцэртах серыі «ЖывыГукON-line» у гэтым годзе, гатовыя прыцягнуць увагу новых слухачоў
  • Гурт «Мутнаевока» зноў парадуе ўсіх сваім фірмовым драйвам і брудна-меладычнымі гітарнымі рыфамі
  • IQ48, схаваўшыяся гэтым летам на рэпетыцыйнай базе, упершыню сыграюць песні, якія ўвойдуць у трэці паўнафарматны альбом
Канцэрт пачнецца а 21-ай гадзіне і працягнецца да ночы. Квіткі на канцэрт будуць неверагодна таннымі — усяго 9 тысячаў, а для тых, хто святкуе свой дзень нараджэння 7 лістапада, уваход будзе вольным (трэба мець з сабой пашпарт ці пасведчанне аб нараджэнні)!

7 лістапада, клуб «Рэактар» (вул. Веры Харужай, 29). Пачатак у 21:00. Білеты можна набыць у касах клубу. Даведкі па тэлефоне: +375 29 3404633. Канцэрт пройдзе пры падтрымцы кампаній „БелПІ“, „Будзьма беларусамі!“ і галерэі ZOYA.