У конкурсе Басовішча-2008 возьмуць удзел 9 гуртоў
Сфармаваны сьпіс удзельнікаў конкурснай часткі фэстывалю Басовішча-2008. Сёлета ўпершыню за доўгі час у Беларусі ня будзе ладзіцца адборачны канцэрт. Тое, як гучаць маладыя гурты на сцэне, пабачыць можна будзе непасрэдна на Басовішчы ў Польшчы 18 ліпеня.
Сёньня стала вядомае рашэньне беларускага журы па ўдзельніках конкурснай часткі фэстывалю Басовішча. Сябры журы мелі магчымасьць абіраць гурты толькі па дэма-запісах. Сярод 35 пададзеных заявак сямёрка пераможцаў выглядае так:
«Акропаль» (Смалявічы)
«Глюкі» (Магілёў)
«Голая манашка» (Менск)
intra muros (Берасьце)
Spita/\ь F (Менск)
TLUSTA LUSTA (Горадня)
«Хуткi Смоўж» (Магілёў)
Восьмы гурт — лідэр інтэрнэт-галасаваньня на «Тузіне Гітоў»:
Lost Regrets (Менск). Таксама ў конкурсе возьме ўдзел беларускамоўны гурт з Польшчы
Over Day (Гарадок). Такім чынам, сёлета ў конкурсе Басовішча будуць удзельнічаць 9 камандаў.
Беларускі адборачны канцэрт да Басовішча, які з 2006 году атрымаў назву «Адборышча», у гэтым годзе не праводзіцца. Арганізацыяй канцэрту сёлета займаўся Віталь Супрановіч (БМА), але як патлумачыў Generation.bY кіраўнік БАС Радаслаў Дамброўскі, «узьніклі складанасьці з арганізацыяй, таму вырашылі не праводзіць».
«Былі прапановы адслухоўваць гурты ўжывую, але адслухаем на Басовішчы. Былі таксама прапановы, каб хто-небудзь іншы арганізаваў канцэрт, але паколькі часу мала, БАС вырашыў пазьбегнуць магчымых праблемаў у правядзеньні».
Тым часам, на выходных запрацаваў новы сайт фэстывалю
basowiszcza.org, распрацаваны камандай
Generation.bY.
http://generation.by/news2425.html
