Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіАртыкулы › Шоў па-беларуску

Шоў па-беларуску

«Сьнежны завулак» настройвае на добры лад. Гэтая праграма, выкананая ў фармаце «блакітнага агеньчыка» сьведчыць, што не ў бюджэце справа. Хай сабе масоўкі толькі дзесяць чалавек, спэцэфэкты намаляваныя ледзьве не флямастарам, а дэкарацыі зробленыя з таго, што было пад рукой. Затое якія незабыўныя вобразы былі створаныя выступоўцамі! Амаль кожны зь іх – цэліць дакладна, ён нечаканы, але пры тым арганічны: IQ48 зь песьняй пра разбурэньне гістарычнага Менску ў куфаечках камунальнікаў чаго толькі вартыя. А Лявон-Элвіс, а гангстэрская «Крама», а піжонскі «Дзюбэль» – колькі (пера)адкрыцьцяў на адзін квадратны мэтар сцэны чакае гледача.

Заўважны правал хіба толькі з Шалкевічам выйшаў – і песенька «Сьвяты Мікалай» прасякнутая нейкай зусім несьвяточнай нудою, ды і вобраз самога барда – разумніка ды кпліўца – зьніякавеў пад «сьвятамікалаеўскімі» апранахамі. Засталіся толькі вочы…

Ведаючы пра ідэю гэтага «мюзыклу-кватэрніку» была засьцярога, што ад усяго гэтага шоў будзе патыхаць штучнасьцю. Але зусім не. Дробненькія дэталі дамалёўваюць вельмі натуральную і сьвяточную атмасфэру – дзе балерына выскачыць, дзе Мархель прамільгне. Толькі вось чаму з Вайцюшкевічам танчуць усяго дзьве напаўаголеныя дзяўчыны, ён жа мача! А пра дуэт СМС – нават лішне казаць, цікава ці не адчуе сябе закладнікам уласнай ідэі Вольскі, калі «Сьцяпанаўнаў» будуць замаўляць на карпаратывы часьцей за N.R.M.?

Гэтая фэерыя ў хатніх умовах доўжылася зусім няшмат – крыху болей за 40 хвілінаў. Музыкі ўжо адпелі навагоднюю «Ўсё будзе добра» (так і прасілася дапець: «Дзень прыйдзе новы»), а хацелася яшчэ ўбачыць Памідора з цудоўнай рэп-калядкай, «Ляпісаў» у танцы з п'яненькім Бушам і Касю зь яе адвечным чаканьнем Калядаў, якіх у гэтым шоў не задзейнічалі.

«Сьнежны завулак» дэманструе стыль паўпадпольнай беларускай культуры: сьціпла, але з густам, ня ў весь голас, але з надрывам, з душою і пад фанаграму:).

Сяргей Будкін, «Тузін Гітоў»

Апублікавана 18.01.2008 by  Андрэй.