Статут Незалежнага Рэспубліканскага Саюзу Моладзі

І. АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭНЬНІ

1.1. Сяброўская суполка «Незалежны рэспубліканскі саюз моладзі» (далей па тэксьце - СС «НРСМ») зьяўляецца недзяржаўнай, некамэрцыйнай, непалітычнай арганізацыяй, заснаванай на добраахвотным сяброўстве людзей, аб'яднаных сваёй прыхільнасьцю да музычнай творчасьці гурта «Незалежная Рэспубліка Мроя» (альбо N.R.M.)

1.2. СС «НРСМ» мае статус рэспубліканскага грамадзкага аб'яднаньня, дзейнасьць якога распаўсюджваецца на ўсю тэрыторыю Незалежнай Рэспублікі Мроя.

1.3. СС «НРСМ» вядзе сваю дзейнасьць у адпаведнасьці з Канстытуцыяй Незалежнай Рэспублікі Мроя, заканадаўчымі актамі N.R.M. і дадзеным Статутам.

1.4. СС «НРСМ» мае ўласную сымболіку і іншую атрыбутыку, якая зарэгістравана ва ўсталяваным законам парадку.

1.5. СС «НРСМ» можа ўдзельнічаць у працы іншых грамадзкіх арганізацый, аб'яднаньняў, ўступаць у міжнародныя саюзы, мае права падтрымліваць простыя міжнародныя кантакты і сувязі, весьці іншую дзейнасьць, якая не супярэчыць заканадаўству Незалежнай Рэспублікі Мроя і яе міжнародным пагадненьням і абавязкам.

1.6. У адпаведнасьці з заканадаўствам N.R.M., СС «НРСМ» мае права быць заснавальнікам сродкаў масавай інфармацыі, ажыцьцяўляць выдавецкую дзейнасьць для рашэньня статутных мэтаў і задачаў.

1.7. СС «НРСМ» мае права прадстаўляць і абараняць правы і законныя інтарэсы сваіх сяброў у дзяржаўных, грамадзкіх і іншых арганізацыях.

1.8. Афіцыйная старонка СС «НРСМ» у Інтэрнэце - www.nrsm.org.

II. МЭТЫ, ЗАДАЧЫ І МЭТАДЫ ДЗЕЙНАСЬЦІ СС «НРСМ»

2.1. Мэтамі СС «НРСМ» зьяўляюцца: аб'яднаньне прыхільнікаў гурта N.R.M., папулярызацыя музычнай творчасьці N.R.M. і аказаньне дапамогі ў працы Кабінэту міністраў Незалежнай Рэспублікі Мроя.

2.2. Задачамі СС «НРСМ» зьяўляецца:

  • арганізацыя стасункаў і камунікацыяў прыхільнікаў і сустрэч з удзельнікамі гурта N.R.M.;
  • распаўсюджваньне інфармацыі аб творчасьці N.R.M. і дзейнасьці СС «НРСМ»;
  • дапамога ў арганізацыі і правядзеньні канцэртаў, стварэньні і выдавецтве музычных альбомаў N.R.M.;

2.3. У адпаведнасьці з Канстытуцыяй і заканадаўствам N.R.M. СС «НРСМ» ажыцьцяўляе сваю дзейнасьць наступнымі мэтадамі:

  • арганізацыя і правядзеньне пасяджаньняў Прэзыдыюму НРСМ (гл. Разьдзел IV), канцэртаў і іншых мерапрыемстваў, накіраваных на дасягненьне статутных мэтаў СС «НРСМ»;
  • правядзеньне зьездаў сяброў СС «НРСМ»;
  • ажыцьцяўленьне іншыя захадаў, накіраваных на рэалізацыю статутных мэтаў і задачаў.

III. ПРЫНЦЫПЫ І ПАРАДАК ДЗЕЙНАСЬЦІ СС «НРСМ»

3.1. СС «НРСМ» ажыцьцяўляе сваю дзейнасьць на аснове наступных прынцыпаў:

  • супрацоўніцтва ўсіх арганізацыйных структураў СС «НРСМ» і асабістай адказнасьці за даручаную справу;
  • вяршэнства Канстытуцыі і законаў N.R.M. і калегіяльнасьці у прыняцьці рашэньняў і пастаноў;
  • павагі да асабістай годнасьці і меркаваньня кожнага сябра арганізацыі;
  • выбарнасьці прэзыдыюму СС «НРСМ»;
  • справаздачнасьці прэзыдыюму перад сябрамі СС «НРСМ»;
  • свабоды дыскусій, крытыкі, галоснасьці;
  • павагі правоў большасьці і меншасьці:
    • інтарэсы большасьці забясьпечваюцца яго правам выступаць і дзейнічаць ад імя ўсёй арганізацыі;
    • інтарэсы меншасьці забясьпечваюцца правам ставіць на абмеркаваньне і абараняць сваю пазыцыю, апэлюючы да грамадзкага меркаваньня і заканадаўства;
  • разьмежаваньня кампэтэнцыі ворганаў СС «НРСМ».

3.2. Парадак дзейнасьці СС «НРСМ» ажыцьцяўляецца згодна з Дадаткам 1 Статуту.

ІV. АРГАНІЗАЦЫЙНАЯ БУДОВА СС «НРСМ»

4.1. СС «НРСМ» складаецца зь ліку сяброў СС «НРСМ» (гл. Разьдзел V). Для арганізацыі і ажыцьцяўленьня працы СС «НРСМ», сябрамі СС «НРСМ» ствараюцца кіраўнічыя ворганы СС «НРСМ»: Прэзыдыюм НРСМ, Рэгіянальныя прадстаўніцтвы НРСМ у межах Незалежнай Рэспублікі Мроя, а таксама Замежныя прадстаўніцтвы НРСМ за яе межамі.

4.2. Прэзыдыюм НРСМ (альбо, далей па тэксьце Прэзыдыюм) ажыцьцяўляе агульнае кіраўніцтва СС «НРСМ». Кампэтэнцыя Прэзыдыюму НРСМ вызначаецца дадзеным Статутам. У склад Прэзыдыюму ўваходзяць:

  • першы сакратар фінансаў;
  • першы сакратар унутраных справаў;
  • першы сакратар замежных справаў;
  • першы сакратар па сувязях з грамадскасьцю, СМІ і прапагандзе;
  • першы сакратар юрыдычных справаў.

4.3. Рэгіянальнае прадстаўніцтва НРСМ (далей РП НРСМ) ажыцьцяўляе кіраўніцтва СС «НРСМ» у рэгіёнах. У склад РП НРСМ уваходзяць:

  • другі сакратар фінансаў;
  • другі сакратар унутраных справаў;
  • другі сакратар па сувязях з грамадскасьцю, СМІ і прапагандзе;

4.4. Замежнае прадстаўніцтва НРСМ (далей ЗП НРСМ) ажыцьцяўляе кіраўніцтва СС «НРСМ» за межамі Незалежнай Рэспублікі Мроя. У склад ЗП НРСМ ўваходзяць:

  • другі сакратар фінансаў;
  • другі сакратар унутраных справаў;
  • другі сакратар па сувязях з грамадскасьцю, СМІ і прапагандзе;
  • другі сакратар юрыдычных справаў.

V. СЯБРОЎСТВА Ў СС «НРСМ»

5.1. Сябрам СС «НРСМ» можа быць любы грамадзянін Незалежнай Рэспублікі Мроя, асоба без грамадзянства, а таксама замежныя грамадзяне незалежна ад іх полу, узросту, этнічнай, нацыянальнай і расавай прыналежнасьці, рэлігійнага веравызнаньня, якія зьяўляюцца прыхільнікамі творчасьці N.R.M., прызнаюць Статут СС «НРСМ», Канстытуцыю і заканадаўчыя акты Незалежнай Рэспублікі Мроя.

5.2. Прыманьне ў сябры СС «НРСМ» ажыцьцяўляецца пасьля запаўненьня анкеты сябра СС «НРСМ».

5.3. Сябры СС «НРСМ» маюць сяброўскі білет вызначанага ўзору.

5.4. Сябар СС «НРСМ» мае права:

  • удзельнічаць у працы СС «НРСМ»;
  • удзельнічаць у выбарах ворганаў кіраваньня СС «НРСМ»;
  • вылучацца і быць абраным у ворганы кіраваньня СС «НРСМ»;
  • канструктыўна абмяркоўваць, крытыкаваць, уносіць прапановы, адстойваць уласны пункт гледжаньня на пасяджаньнях і ў СМІ па ўсіх пытаньнях дзейнасьці СС «НРСМ»;
  • асабіста ўдзельнічаць у пасяджаньнях ворганаў кіраваньня СС «НРСМ» пры абмеркаваньні пытаньняў яго паводзінаў і дзейнасьці;
  • зьвяртацца ў ворганы СС «НРСМ» па дапамогу ў абароне і рэалізацыі сваіх інтарэсаў і правоў, выкарыстоўваць для гэтага арганізацыйныя магчымасьці СС «НРСМ»;
  • атрымліваць інфармацыю, якая знаходзіцца ў веданьні СС «НРСМ»;
  • удзельнічаць у працы іншых грамадзскіх аб'яднаньняў, прынцыпы і дзейнасьць якіх не супярэчаць Канстытуцыі Незалежнай Рэспублікі Мроя і не перашкаджаюць выкананьню Статуту і праграмных дакумэнтаў СС «НРСМ»;
  • набываць са зьніжкамі: прадукцыю і атрыбутыку гурта N.R.M., квіткі на канцэрты.

5.5. Сябар СС «НРСМ» абавязаны:

  • з павагай ставіцца да ўсіх сяброў СС «НРСМ» і іхніх меркаваньняў, незалежна ад іх полу, ўзросту, этнічнай, нацыянальнай, расавай прыналежнасьці, рэлігійнага веравызнаньня, пры выкананьні імі Канстытуцыі і заканадаўчых актаў N.R.M. і дадзенага Статуту;
  • не выкарыстоўваць афіцыйныя назвы і сымболіку N.R.M. і СС «НРСМ» альбо сваю прыналежнасьць да СС «НРСМ» у камэрцыйных мэтах без папярэдняга ўзгадненьня з кіраўніцтвам СС «НРСМ»;
  • удзельнічаць у дасягненьні мэтаў і вырашэньні задачаў, якія вызначаны дадзеным Статутам і выконваць ягоныя патрабаваньні;
  • своечасова паведамляць кіраўніцтву СС «НРСМ» аб зьмяненьнях сваёй пэрсанальнай кантактнай інфармацыі;
  • своечасова рабіць сяброўскія ўнёскі.

5.6. Сяброўства ў СС «НРСМ» спыняецца:

  • сябрам СС «НРСМ» паводле ўласнага жаданьня шляхам падачы заявы ў Прэзыдыюм, РП альбо ЗП НРСМ;
  • у сувязі з выключэньнем з СС «НРСМ» за грубае парушэньне Канстытуцыі, заканадаўчых актаў N.R.M., Статуту, альбо сыстэматычны няўдзел у працы СС «НРСМ», альбо за дзейнасьць, якая ганьбіць ці падрывае рэпутацыю, наносіць шкоду, урон СС «НРСМ» і Незалежнай Рэспубліцы Мроя.

5.7. Пытаньне аб выключэньні з СС «НРСМ» вырашаецца на пасяджаньні Прэзыдыюму, РП альбо ЗП НРСМ. Выключэньне з шэрагаў СС «НРСМ» лічыцца сапраўдным, калі за яго прагаласавала ня менш 2/3 ад поўнага складу першых сакратароў Прэзыдыюму, альбо другіх сакратароў РП і ЗП НРСМ адпаведна. У выпадку несупадзеньня вынікаў галасаваньня Прэзыдыюму і РП альбо ЗП НРСМ сапраўдным лічыцца рашэньне, прынятае Прэзыдыюмам.

5.8. Прэзыдыюм СС «НРСМ» ня мае права без тлумачэньня прычынаў адмовіць у сяброўстве ці выключыць зь сяброў СС «НРСМ».

VI. ГРАШОВЫЯ СРОДКІ СС «НРСМ»

6.1. Валоданьне, выкарыстаньне і распараджэньне сродкамі СС «НРСМ» ажыцьцяўляецца ў адпаведнасьці з дадзеным Статутам і заканадаўствам N.R.M. Парадак збору, захоўваньня і распараджэньня сродкамі вызначаецца Пастановамі Прэзыдыюму НРСМ.

6.2. Грашовыя сродкі СС «НРСМ» фармуюцца з:

  • сяброўскіх унёскаў;
  • добраахвотных ахвяраваньняў;
  • іншых не забароненых заканадаўствам паступленьняў.

6.3. Любы сябар СС «НРСМ» можа азнаёміцца з выдаткамі сяброўскіх унёскаў адзін раз у квартал.

VII. СПЫНЕНЬНЕ ДЗЕЙНАСЬЦІ СС «НРСМ»

7.1. Дзейнасьць СС «НРСМ» можа быць спынена шляхам ліквідацыі ці рэарганізацыі, паводле рашэньня Кабінэту Міністраў Незалежнай Рэспублікі Мроя і сяброў СС «НРСМ», калі за гэтую прапанову прагаласавала больш паловы сяброў СС «НРСМ».

7.2. РП і ЗП НРСМ могуць быць рэарганізаваныя ці ліквідаваныя паводле рашэньня сяброў адпаведнага РП ці ЗП НРСМ, калі за гэтую прапанову прагаласавала больш за палову сяброў РП ці ЗП НРСМ, альбо паводле рашэньня Прэзыдыюму пры 2/3 станоўчых галасоў з наступным зацьвярджэньнем гэтага рашэньня агульным галасаваньнем на зьезьдзе СС «НРСМ».