Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › NRM будзе на Be2gether 2008

NRM будзе на Be2gether 2008

Арганізатары буйнейшага балтыйскага фэстывалю Be2gether 2008 працягваюць фармаваць праграму фэсту. Прэс-каардынатарка Be2gether Эгле Рэмэйкайтэ паведаміла сёньня Generation.bY, што дасягнутатая дамова на ўдзел у фэсьце легендарнага беларускага гурта N.R.M. Таксама працягваюцца перамовы з сусьветнымі зоркамі. Яшчэ адну зь іх арганізатары назвалі сёньня. На фэсьце выступіць Tricky — адзін з заснавальнікаў музычнага стылю trip-hop.

Арганізатары фэстывалю ад пачатку плянавалі запрасіць ад Беларусі N.R.M. Але перамовы зацягнуліся, і ў пр­эсе зьявілася інфармацыя, што гурт адмовіўся ад удзелу. Навіна выклікала вялікую хвалю абмеркаваньняў у Сеціве сярод прыхільнікаў N.R.M.

Лідэр гурта Лявон Вольскі ў сваім блогу адгукнуўся на рэзананс і патлумачыў, чаму не адбылася дамоўленасьць, а пазьней на адзін з камэнтароў адказаў «сытуацыя яшчэ можа зьмяніцца». З чаго можна было зрабіць выснову, што перамовы паміж арганізатарамі Be2gether і N.R.M. працягваюцца. Тым ня менш, навіна пра ўдзел гурта ў фэсьце стала прыемнаю нечаканкаю.

Сёньня прэс-каардынатарка Be2gether 2008 Эгле Рэмэйкайтэ паведаміла Generation.bY, што «перамовы скончыліся пасьпяхова» і арганізатары ўсьцешаныя пабачыць на фэсьце N.R.M. Піт Паўлаў пацьвердзіў, што гурт дакладна прыме ўдзел і распавёў, што «зараз узгадняюцца толькі тэхнічныя моманты».

Такім чынам, Беларусь на буйнейшым балтыйскім фэстывалі Be2gether 2008 прадставяць гурты N.R.M., Mauzer і Osimira.

Агулам сёлета на Be2gether выступіць болей 70 гуртоў з усяго сьвету. Яшчэ ў канцы траўня арганізатары фэсту агучвал­і ­15 выступоўцаў, якія ўжо пацьвердзілі ўдзел у фэсьце:

* Groove Armada (Вялікабрытанія),
* Fool’s Garden (Нямеччына),
* My Baby Wants to Eat Your Pussy (Нямеччына),
* Fishbone (ЗША),
* Infected Mushroom (Ізраіль),
* Bix (Літва),
* The Dynamites (ЗША),
* Etiennie de Crecy (Францыя),
* Happyendless (Літва),
* Valgeir Sigurrdson (Ісьляндыя),
* Clan of Xymox (Нідэрлянды),
* Communic (Нарвэгія),
* Baka Beyond (Камэрун),
* Doi (Данія).

Фэстываль Be2gether проходзіць у 50 мэтрах ад беларускай мяжы на тэрыторыі Літвы, сёлета ён адбудзецца 14-17 жніўня. Арганізатары плянуюць прадаставіць беларусам, якія зьбіраюцца на фэст, бясплатныя візы. Але на сёньня перамовы наконт механізму продажу квіткоў на фэст у Беларусі і выдачы пазачарговых візаў працягваюцца.

Воля Кузьміч­­

Апублікавана 10.06.2008 by  Андрэй.