Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › Хутка -- новы супольны праект

Хутка -- новы супольны праект

Падчас Бардаўскай Восені 2008 Лявон прадставіў таксама абсалютна дзьве новыя песьні — «Доля герояў» і «Такога няма нідзе», напісаныя для сумеснага музычнага праекту, які будзе прадстаўлены на Новы год. «Ён будзе вытрыманы ў рэчышчы музыкі 60-х гадоў, а возьмуць удзел у ім усе тыя выканаўцы, зь якімі мы асабліва пасябравалі апошнім часам», — распавёў Лявон.

На 15-ай «Бардаўскай восені» амаль усе выканаўцы прадставілі свае новыя песьні. Лявон Вольскі ў дуэце з гітарыстам Паўлам Трацяком прадставіў некалькі кампазыцыяў з новага супольна-навагодняга праекту, Зьміцер Вайцюшкевіч сыграў песьні з новага дыску «Тое, што трэба» і нават у праграме «Народнага альбому» зьявіўся новы твор.

Фэстываль «Бардаўская восень» прайшоў на тэрыторыі Польшчы ўжо ў 15-ты раз. Гэтым разам канцэрты адбыліся ня толькі ў Бельскім доме культуры, але і ў мясцовай ратушы, у музэі ў Гайнаўцы і сынагозе ў Орлі. Найбольш насычанымі былі пятніца і субота, калі на сцэну выйшлі зоркі фэсту ды пачэсныя госьці. Лявон Вольскі прыехаў на фэстываль разам з гітарыстам Паўлам Трацяком, зь якім працаваў разам у межах свайго сольнага праекту «Куплеты і прыпевы». Дарэчы, песьні з гэтай праграмы выканаўца вырашыў прасьпяваць …пад фанаграму, каб «быць у межах стылю». Лявон прадставіў таксама абсалютна дзьве новыя песьні — «Доля герояў» і «Такога няма нідзе», напісаныя для сумеснага музычнага праекту, які будзе прадстаўлены на Новы год. «Ён будзе вытрыманы ў рэчышчы музыкі 60-х гадоў, а возьмуць удзел у ім усе тыя выканаўцы, зь якімі мы асабліва пасябравалі апошнім часам», — распавёў Лявон.

Прадставіў некалькі новых песень і Зьміцер Вайцюшкевіч. Пры канцы году выканаўца мае прэзэнтаваць свой новы дыск пад назвай «Тое, што трэба», у які ўвойдуць творы, якія ўжо вядомыя з канцэртаў музыкі, у тым ліку «Мірныя людзі» і «Сьцяг». Сярод прэм’ераў была песьня «Раз ды разок» на верш Уладзіміра Някляева. «Яна была колісь напісаная для Ўладзімера Мулявіна, „Песьняры“ яе нават рэпэтавалі, але ў выніку яна ўвайшла ў рэпэртуар Лікі Ялінскай. А я лічу, што яе мусіць сьпяваць усё ж такі мужчына», — кажа Зьміцер Вайцюшкевіч.

Новая песьня ў выкананьні Вайцюшкевіча пад назвай «На завулку Гнойным» увайшла ў праект «Народны альбом». Пасьля выкананьня «Надзенькі» Міхал Анемпадыстаў прадставіў ня «Сьнежань, студзень, люты», а песьню на cловы Станіслава Гжэсюка. Аўтар «Народнага альбома» распавёў, што ў той час, як у Беларусі сьпявалі «Надзеньку», на тэрыторыі Польшчы меў папулярнасьць гэты твор.

Адну з сваіх новых песень зорка «Бардаўскай восені» Тацяна Беланогая прысьвяціла Алесю Камоцкаму, якога чамусьці не паклікалі на юбілейны, 15-ты фэстываль, хоць ён стаяў ля вытокаў гэтай імпрэзы.

Афіцыйна «Бардаўская восень» скончыцца ўвечары 27 кастрычніка, калі ў жывым этэры радыё Беласток, на студыі «Рэмбрандт» выступяць Алег Кабзар, Аляксандар Памідораў і гурт «Босае сонца».

Прэм’еры «Бардаўскай восені — 2008» можна будзе пачуць у межах праграмы «Музыка тыдня» на радыё «Рацыя» ў аўторак, у 20:10 (Беласточчына і Гарадзеншчына 98,1 FM, он-лайн – www.racyja.com)

Апублікавана 27.10.2008 by  Андрэй.