Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › Лявон Вольскі на складанцы Прэм`ер Тузін 2008

Лявон Вольскі на складанцы Прэм`ер Тузін 2008

Першы музычны інтэрнэт-партал Беларусі “Тузін Гітоў” адзначыў пяцігоддзе існавання мультымедыйнай CD-складанкай “Прэм’ер Тузін 2008”. На кружэлку патрапілі 42 лепшыя беларускія кампазіцыі, якія наведвальнікі сайту і прафесійныя эксперты адбіралі цягам усяго 2008 году.

“Прэм’ер Тузін 2008”, які чакаюць у продажы напрыканцы студзеня, ужо чацвёрты па ліку штогадовы справаздачны дыск інтэрнэт-парталу. Па традыцыі песні на ім падзеленыя на дзве секцыі. Першая 12-ка вызначаная выніковым слухацкім галасаваннем у хіт-парадзе “Тузін Гітоў. Побач з вядомымі выканаўцымі (Лявон Вольскі, j:Морс, Neuro Dubel, IQ 48,:B:N:, “Сьцяна”) у дванадцадцы дэбютавалі Таццяна Беланогая, Nevma, Jab Club ды інш. У дадатак да аўдыё-трэкаў на дыску змешчаныя яшчэ 30 найцікавейшых кампазіцыяў году ў фармаце MP3.

“У параўнанні з трыма папярэнімі складанкамі “Прэм’ер Тузін 2008” вылучаецца найбольшай стылёвай (ад альтэрнатыўнай і поп-музыкі да фолку) і геаграфічнай разнастайнасцю. Гэтак упершыню за чатыры гады ў спіс лепшых трапіў гурт з Польшчы”, — адзначыў на прэс-канферэнцыі ў Мінску каардынатар праекту Сяргей Будкін.

Акрэсліваючы перспектывы “Тузіну Гітоў” ягоны выдавец Вецер Механічны паабяцаў далейшае развіццё сэрвісаў парталу і пашырэнне магчымасцяў: “Мы абавязкова будзем удасканальваць тэхнічны бок рэсурсу, павялічваць ягоную інтэрактыўнасць. Да таго ж плануем звярнуць увагу ў бок беларускамоўнага відэа".

Што да прыбытковасці “ТГ”, ягоныя аўтары не пераследуюць камерцыйных мэтаў. “Нас цалкам задавальняе валанцёрскі фармат, які дазваляе папулярызаваць актуальную беларускамоўную музыку і заахвочваць да праслухоўвання беларускіх твораў як мага большую колькасць людзей у Беларусі і за яе межамі”, — падкрэсліў Вецер Механічны. Гэтак, на партале апроч беларускамоўнай сёння працуюць навігацыйныя версіі на ангельскай, польскай, украінскай, расейскай і шведскай мовах.

Апроч складанкі каманда “Тузіна” падрыхтавала прыхільнікам беларускай музыкі яшчэ адзін сюрпрыз. Як паведаміў нязменны вядоўца радыёпраграмы “Тузін Гітоў” на “Радыё Рацыя”, лідэр гурта “Палац” Алег Хаменка, сёлета партал не будзе мець дачынення да “Рок-каранацыі”, якая з наступнага году страціць прыстаўку “Рок”. Затое ўвесну пры падтрымцы “ТГ” у Беларусі мае адбыцца маштабны рок-фэст, на якім плануецца выступленне найлепшых беларускіх выканаўцаў актуальнай музыкі. “Мы вырашылі перахапіць сцяг і стварыць рэспубліканскі рок-фэст. Разлічваем правесці яго ў фармаце open-air напрыканцы траўня пад Мінскам. У хуткім часе спадзяемся скончыць перамовы і ўзгадненні. Тады і агучым больш падрабязную інфармацыю”. - паабяцаў Хаменка.

Медыйны інтэрнэт-праект “Тузін Гітоў”, створаны для папулярызацыі найперш альтэрнатыўнай беларускамоўнай музыкі, вядзе адлік з кастрычніка 2003 г. Апроч аўтарытэтнага хіт-параду і штогадовых CD-рэлізаў, "ТГ" змяшчае найбуйнешы легальны каталог беларускамоўных песень у фармаце MP3, апошнія навіны айчыннай альтэрнатыўнай музыкі, рэцэнзіі на альбомы і Залу славы беларускага рок-н-ролу… За пяць гадоў яго наведала болей за мільён чалавек. У хіт-парадзе і спецпраектах парталу было прадстаўлена больш за 450 беларускіх песень, якія былі спампаваныя звыш за 1,5 млн разоў.

Кастусь ЛАШКЕВІЧ, TUT.BY

Апублікавана 03.02.2009 by  Андрэй.