Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › Жывы Гук On Line вяртаецца

Жывы Гук On Line вяртаецца

Праект Піта Паўлава чатырохгадовай даўніны адраджаецца. Паводле задумы, у самым цэнтры Менску ў інтэрнэт-кавярні «Союз On Line» пэрыядычна праходзіць жывы канцэрт з трансьляцыяй яго он-лайн у сеціве. Першы канцэрт заплянаваны на 27 чэрвеня. Цяпер арганізатары набіраюць удзельнікаў праекту.

Праект «Жывы Гук On Line» паўстаў у самы час забаронаў — у 2005 годзе. Тады ў кавярні «Союз On Line» ў яго межах сыгралі N.R.M., «Крамбамбуля», Neuro Dubel і GARADzKIJA, а па выніку была выдадзеная складанка. Плянавалася, што ўжывую і он-лайн выступяць ня толькі рок-музыкі, але і эстрадныя зоркі. Праўда, праект змушана згарнуўся.

Праз чатыры гады яго ініцыятар Піт Паўлаў вырашыў аднавіць ідэю жывых канцэртаў у цэнтры Менску з інтэрнэт-трансьляцыяй он-лайн. 27 чэрвеня на панадворку Цэнтральнага дому афіцэраў (летняя вэранда інтэрнэт-кавярні) адбудзецца першы канцэрт «Жывы Гук On Line» ў новым фармаце. Са словаў Піта, у адрозьненьні ад канцэртаў чатырохгадовай даўніны, абноўлены праект будзе арыентаваны не на выступ вядомых гуртоў, а на стварэньне атмасфэры ўтульнасьці. «Гэта будзе хутчэй не канцэрт, а дзейства, куды можа патрапіць кожны ахвочы: ніякіх уваходных квіткоў, жывая музыка, танцы, піва, да ўсяго мы захаваем традыцыю трансьляцыі канцэртаў у інтэрнэце», — кажа завадатар праекту.

Цяпер ідзе адбор гуртоў, якія выступяць у межах праекту «Жывы Гук On Line». Свае запісы, інфармацыю пра гурт, запрашэньні на рэпэтыцыі і ўсё, што можа дапамагчы скласьці меркаванне пра творчасьць каманды, трэба да 15 чэрвеня даслаць на адрас прэс-службы праекту: [email protected] або паведаміць па тэлефонах (029) 688-61-74 і (029) 259-96-54.

Апублікавана 05.06.2009 by  Андрэй.