Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › Піт Паўлаў прэзентуе новае відэа і запрашае ўсіх на свой дзень нараджэння

Піт Паўлаў прэзентуе новае відэа і запрашае ўсіх на свой дзень нараджэння

Вядомы беларускі музыка Піт Паўлаў напярэдадні свайго дню нараджэння, якое святкуе 7 лістапада, прапануе слухачам новую песню «Залаты сэзон» і відэа да яе.

«Песня пачала пісацца для праекту, прысвечанага жыццю і творчасці Сяргея Пясецкага, які мае назву „Зброя, золата, кабеты“, — распавядае Піт. — Залатая пара, залаты сезон для кантрабандыстаў наступаў позняй восенню, калі ночы былі даўгія, а снег яшчэ ня выпаў. Тады адлегласць паміж Ракавам і Мінскам у 33 км можна было прайсці за ноч, не робячы днёўкі і нідзе не хаваючыся».

Але ня гледзячы на літаратурны кантэкст, песня мусіць спадабацца кожнаму: «Чалавек які нічога ня ведае пра Пясецкага, пра Ракаў, пра кантрабандыстаў, можа спакойна слухаць гэтую песню. У ёй — разважанні чалавека пра адносіны паміж людзьмі, мужчынай і жанчынай. Агульная думка: заўсёды ёсць варыянт зрабіць першы крок насустрач, але ёсць яшчэ больш просты варыянт, хоць і гвалтоўны — націснуць на курок».

Піт марыць пра тое, каб зрабіць кіно пра Пясецкага, а песні, сярод якіх «Залаты сэзон», стануць да яго саўндтрэкам.

«Хацелася, каб фільм зняла якая-небудзь незалежная ангельская каманда, але з удзелам беларускіх актораў і беларускай тусоўкі, вядома ж. Галоўную ролю мог бы сыграць Даніэль Крэйг. Ён ужо граў беларускага партызана і выглядае ён як звычайны беларускі хлопец. Але гэта — ідэя-фікс, а рэалістычная ідэя — напісаць сцэнар, да якога музыка ўжо ёсць».

Пакуль Піт плануе зрабіць музычны спектакль у фармаце ізуснага кіно, канцэпцыя якога зарадзілася ў Беларусі ў 80-ых гадах, а цяпер становіцца папулярнай ва ўсім свеце. Кліп жа на песню «Залаты сэзон» ілюструе іншы бок — тэхналогію стварэння саўндтрэку, і адлюстроўвае як адбывалася праца ў хатняй студыі паплечніка Піта Глеба Галушкі, які запісаў для гэтай песні партыі акустычнай гітары і бас-гітары.

Піт запрашае ўсіх адсвяткаваць дзень нараджэння на канцэрце «ЖывыГукON-line» 7 лістапада ў мінскім клубе «Рэактар», дзе апроч ягонага гурта GARADzKIJA, таксама выступяць Clover Club, «Глебстеры», «Мутнаевока» і IQ48. Канцэрт пачнецца а 21-ай гадзіне і працягнецца да ночы. Квіткі на канцэрт будуць неверагодна таннымі — усяго 9 тысяч, а для тых, хто святкуе свой дзень нараджэння 7 лістапада, уваход будзе вольным (трэба мець з сабой пашпарт ці пасведчанне аб нараджэнні)! Квіткі можна набыць ўжо зараз у касе клубу «Рэактар».

Спампаваць песню «Залаты сэзон» у mp3

Апублікавана 05.11.2010 by  Slaver. Абмяркаваць на форуме