Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › Вольскага дазволілі са скрыпам

Вольскага дазволілі са скрыпам

Вялікі сольны канцэрт Лявона Вольскага ў КЗ «Мінск» 16 сьнежня дазволілі са скрыпам — улады засьцерагаюцца гучных беларускіх імпрэзаў перад самымі выбарамі. Гастрольнае пасьведчаньне далі толькі пасьля ўзгадненьня рэпэртуару. Лявон Вольскі: «Нічога надзвычайнага, мясцовыя чыноўнікі проста вырашылі падстрахавацца».

Лявон Вольскі16 сьнежня Лявон Вольскі пакажа свой праект «Белая яблыня грому» ў дапоўненым варыянце. Да яго дадаліся яшчэ дзьве песьні — на вершы Ўладзімера Караткевіча і Анатоля Сыса. У другім аддзяленьні музыка засьпявае вядомыя гіты, новыя сольныя рэчы і разам з «Крамбамбуляй» прадставіць песьні з новага фольк-альбома.

Рэпэртуар канцэрту давялося неафіцыйным чынам узгадняць з прадстаўнікамі ўладаў. Прадусар Ганна Вольская кажа, што чыноўнікам з аддзелу культуры Менгарвыканкаму давялося тлумачыць падрабязна, што прагучыць 16-га і фактычна ўзгадняць зь імі трэк-ліст. «Гастрольнае пасьведчаньне мы атрымалі зь цяжкасьцю. Адчувалася насьцярога, нам задавалі шмат пытаньняў наконт канцэрту», — кажа Ганна. Сам Лявон тут нічога дзіўнага ня бачыць: «Мясцовыя чыноўнікі проста вырашылі падстрахавацца, а потым патэлілі ўгару: там адмашку далі, у нас жа дэмакратыя цяпер».

Цягам канцэрту на сцэну выйдзе нямала гасьцей. Песьню «Немец» Лявон выконвае з Аляксандрам Памідоравым, новую — «Вера, надзея, любоў» засьпявае з Ганнай Хітрык, а ў творы «Парушыўшы законы прыцягненьня» магчыма выйдзе падсьпяваць жонка музыканта.

Лявон пэўна ня будзе трымацца «ўзгодненнага» рэпэртуару і рыхтуе некалькі прэм’ераў. Назвы новых песень музыка пакуль не называе.

Канцэрт Лявона Вольскага адбудзецца 16 сьнежня ў КЗ «Мінск» у 19:00. Квіткі можна замовіць праз тэлефоны: (017) 280-15-10, (029) 655-55-96.

Тузін Гітоў

Апублікавана 16.11.2010 by  Андрэй.