Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіАртыкулы › N.R.M. у Нямеччыне

N.R.M. у Нямеччыне

Група N.R.M. не пасьпеўшы адпачыць ад польскага тура, ізноў пакуе валізкі. Попыт на беларускі рок зьявіўся ў Нямеччыне. 3, 5, 7 кастрычніка нашыя музыкі дадуць канцэрты ў Бэрліне і Дрэздэне. Ініцыятар канцэртаў – нямецкі журналіст Інго Пеца, які некалі прыязджаў у Менск, дзе пазнаёміўся зь Лявонам Вольскім.

Паслухаўшы N.R.M., ён узяўся зладзіць некалькі клюбных канцэртаў беларускай групы ў сябе на радзіме. “Плянавалася, што мы выступім у Нямеччыне ўлетку, але Інго вырашыў адкласьці на восень, каб на нас пагледзела болей людзей”, - кажа Лявон Вольскі. Лідэр N.R.M. ніколі не выступаў у Нямеччыне, а вось Піт Паўлаў неаднаразова граў у складзе “Крыві” ў Нямеччыне. “Нямецкія слухачы ставяцца да беларускай музыкі зь цікавасьцю, для іх – гэта экзотыка. Бэрлінская публіка надта дасьведчаная, таму іх нічым ня зьдзівіш, але асабліва нямецкія гледачы цэняць шчырасьць. Таму трэба валіць сваю музыку і не пераймацца”, - кажа Піт. Піт згадвае нямецкія музычныя клюбы – невялічкія і ўтульныя (падобныя да зачыненай “Альтэрнатывы”): “Там прыемна граць, апаноўвае адчуваньне разьняволенасьці і бясьпекі”.

3 кастрычніка N.R.M. грае ў Kulturbahnhof Kreuzberg (Бэрлін), 4-га ў клюбе Acud (Бэрлін), 7-га ў клюбе Sprungschanze (Дрэздэн).

SB, “Салідарнасьць”

Апублікавана 21.09.2005 by  Slaver.