Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › Вольскі даў канцэрт у Нью‑Ёрку

Вольскі даў канцэрт у Нью‑Ёрку

Канцэрт вядомага беларускага рок‑музыканта Лявона Вольскага ў бруклінскім клубе «Крук» (Нью‑Йорк) сабраў каля 200 прадстаўнікоў беларускай дыяспары з розных амерыканскіх штатаў. Выступленне адбылося вечарам 9 красавіка і было арганізавана грамадскай арганізацыяй «Беларуска‑амерыканскае задзiночанне». Удзел у канцэрце таксама ўзялі два мясцовыя беларускамоўныя рок‑калектывы.

Пасля выступлення Л.Вольскі ў інтэрв’ю БелаПАН выказаў думку, што такія мерапрыемствы патрэбныя беларускай дыяспары. Гэтыя канцэрты, паводле яго слоў, нагадваюць беларусам, якія жывуць за мяжой, што яны з’яўляюцца часткай Беларусі і могуць прынесці ёй карысць. Музыкант сказаў, што быў крануты прыёмам, які яму аказалі ў Нью‑Йорку.

На думку арганізатараў і слухачоў, канцэрт у бруклінскім клубе атрымаўся па‑сапраўднаму цікавым, цалкам апраўдаўшы чаканні прысутных. 13 красавіка Л.Вольскі выступіць з сольным акустычным канцэртам у горадзе Лагуна Біч (Каліфорнія).

У бліжэйшых планах арганізатараў — прывезці ў ЗША гурт «N.R.M.» у поўным складзе, а пасля, магчыма, і іншыя беларускія рок‑калектывы.

БелаПАН

Апублікавана 10.04.2007 by  Андрэй.