Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіАртыкулы › Выходзіць альбом «06» N.R.M.

Выходзіць альбом «06» N.R.M.

Праз некалькі дзён у дыскарнях зьявіцца новы альбом гурта N.R.M. пад назвай «06», над якім вядучая беларуская рок-каманда працавала цягам пяці год. Адна зь песень з новай плыткі возьме ўдзел у бліжэйшым туры на «Тузіне Гітоў». Лявон Вольскі пра новы альбом: «Альбом вельмі рознастылёвы. Ад злосьці і нянавісьці да каханьня. Раней мы асьмельваліся рабіць такое толькі ў супольных праектах».

— Калі фанаты NRM змогуць патрымаць у руках новы альбом гурту?

Лявон Вольскі: На наступным тыдні. Хаця на апошнім этапе працы былі праблемы: мастэрынг рабілі ў швэдзкім Гётэборгу, а тамака паблыталі разьмяшчэньне песень. Мы адсылалі матэрыял назад у Швэцыю. Выдадзены альбом будзе ў Польшчы. Запісваліся ж цалкам у Беларусі. Альбом будзе называцца «06».

— Чаму такая назва?

ЛВ: На альбоме песьні, створаныя ў 2006 годзе. Падзеі на Плошчы натхнілі нас. Яшчэ гэта шосты нумарны альбом NRM. Наш бубнач Алезіс знайшоў шмат сэнсаў гэтай лічбы. І бязьмежнасьць, і крыж. Ён нас і пераканаў.

— Кулінковіч пра кожны свой новы альбом кажа, што ён найлепшы. Вы можаце сказаць гэта пра «06»?

ЛВ: Пакуль ён не намуляў вушы, я з задавальненьнем магу яго слухаць. Потым стомісься, і стане зразумела, што будзем выконваць на канцэртах, а што — не.

Альбом вельмі рознастылёвы. Ад злосьці і нянавісьці да каханьня. Раней мы асьмельваліся рабіць такое толькі ў супольных праектах. Некалькі кампазыцый выразна рэвалюцыйных («Гадзючнік», «Дахалеры»), можа, і будуць крыху неадэкватнымі, але пісаліся ў час значных для Беларусі палітычных падзеяў. Адсейваць такія песьні лічу глупствам, гэта значная частка нашага жыцьця.

Апошнюю песьню «Мама-тата» хорам сьпяваюць дзеці ўдзельнікаў гурту. Алезісаву песьню «Кітай» я выконваю на бубнах. «Менск — Мінск» можна лічыць тыповай дваровай песьняй. «Толькі для цябе» — баляда, «Свабоды глыток» — нейкі джаз-блюз. Толькі гіп-гоп не пасьпелі запісаць.

— Як такую рознастылёвасьць успрымуць фанаты?

ЛВ: Дачка нашага сябра Міхала Анемпадыстава сказала, што альбом — суцэльная папса, апроч песьні «Гімн беларускага рок-н-рольшчыка». На мой погляд, менавіта яна самая папсовая. Гэта ня наша песьня, мы ўзялі яе з сайту «Музыкальной газеты». Песьню напісаў нейкі Зьміцер. Я шукаў яго праз інтэрнэт, пытаўся на канцэртах, але ніхто не адгукнуўся. Мо праз «НН» знойдзецца. Я пэўны ў гэтых песьнях: гэта ж ня пошукі таннай славы. На тэлевізіі і радыё нас ніхто не паставіць, навошта рабіць папсовыя рэчы. А ў шаснаццаць гадоў я таксама пачаў бы абвінавачваць N.R.M. у папсовасьці.

— Чаму так доўга пісалі альбом? Цэлыя пяць гадоў.

ЛВ: Разумееце, гэта ж ня праца на фабрыцы. Былі асобныя песьні, але дапісваць да іх нешта яшчэ, дабіваць альбом, было б несумленным з нашага боку. У творчасьці калі ня прэ, то значыць — ня прэ, і нічога з гэтым ня зробіш. Калі ёсьць некалькі старых песьняў, то няхай яны лепш паляжаць, чым рабіць няякасны прадукт.

— Канцэрты ў падтрымку альбому плянуюцца?

ЛВ: Мяркуем правесьці канцэрт недзе да канца чэрвеня. Трэба пільна сачыць за абвесткамі ў інтэрнэце, бо афішаў ня будзе.

— Вам ня крыўдна, што даводзіцца граць у маленькіх кухонных клюбах?

ЛВ: Што датычыць маленькіх клюбаў, ня крыўдна, бо там мы маем ні з чым не параўнальную абстаноўку. Вялікія канцэрты мы даём за мяжой. Шкада: гэтая музыка стваралася для грамадзянаў гэтай краіны, імі ж яна найлепш разумеецца. Але для N.R.M. немагчыма атрымаць у Менску нармальную пляцоўку для выступаў. Дырэктары FM-станцый самі прыдумляюць нейкі фармат. Для іх ужо любая беларускамоўная песьня — нефармат. Гэта поўны абсурд.

— А ў Беларусі ўвогуле магчыма зарабляць на жыцьцё музыкай?

ЛВ: З кожным годам становіцца ўсё цяжэй. Для гэтага трэба мець некалькі ўжо раскручаных праектаў. З нуля — нерэальна. У нас увесь шоў-бізнэс крыху местачковы. Гэта відаць па ўсіх канцэртах «За Беларусь».

— Ці згодныя Вы зь меркаваньнем, што сапраўдны рок застаўся толькі ў Беларусі і нідзе болей?

ЛВ: Гадоў пяць таму гэтая фраза яшчэ была б актуальнай. Калі беларускія гурты прыяжджалі ў Эўропу і давалі там чаду. У Эўропе думалі, што вось нашы каманды зусім ужо камэрцыйнымі сталі, а ў Беларусі — не. Змагаюцца зь нечым. Але ж не дзесяцігодзьдзямі змагацца. Тады ўжо атрымліваюцца прафэсійныя рэвалюцыянэры. Змагацца, канечне, трэба, але, разам з тым, трэба шукаць новыя шляхі ў тэкстах, музыцы.

— Як цяпер N.R.M. успрымаюць у Эўропе?

ЛВ: У Эўропе цікавяцца ўсім, што зьвязанае зь Беларусьсю. Яны любяць паглядзець на нейкую экзотыку. У Бэрліне арганізатары заўсёды спэкулююць на тым, што гэта рэвалюцыйны гурт, забаронены на Радзіме і г.д. І людзі, канечне, ідуць паглядзець на монстраў. Яны думаюць, што мы выйдзем зь перабінтаванымі галовамі, зь сінякамі пад вачыма. Эўрапейскія СМІ, якія пішуць пра нашы выступы, спэкулююць на выразах кшталту «гурт з дыктатарскай краіны». У Эўропе папросту ёсьць мноства людзей, якія зарабляюць грошы на нашай дыктатуры. Цяпер ужо пачынаюць хадзіць на брэнд NRM. У Польшчы мы калі не на вяршыні гары, то, прынамсі, пасярэдзіне. У Амэрыцы на апошнія канцэрты прыйшла ў асноўным маладая эміграцыя.

— Вы пачуваецеся жывой легендай беларускага року?

ЛВ: Не пачуваюся. Легенды ня езьдзяць на «субару» 1993 году, яны езьдзяць на «лінкольнах», і не жывуць у аднапакаёвых кватэрах. Каб стаць легендамі, трэба, каб у нас склалася сытуацыя хаця б як ва Ўкраіне. «Океан Ельзи» — ужо жывая легенда ўкраінскага року. А вось «Воплі Відаплясава» — чамусьці не. Я нават ніколі не пачуваўся зоркай. Можа, гэта і мой мінус, але гэта праўда. Музыкам добрым я сябе лічу, выканаўцам, можа быць, і ня вельмі.

— Што зьмянілася ў гурце між першым і шостым альбомамі?

ЛВ: Мала што. Хіба што крыху зьмяніліся адносіны між удзельнікамі. Мы ня ходзім на дні нараджэньня адзін да аднаго. Затое ходзяць нашы дзеці, і нам усё адно даводзіцца там сустракацца. Я ведаю, напрыклад, Алезіса ўжо больш за 20 гадоў: што ён скажа — я ведаю, што я скажу — ведае ён. Канечне, крыху стаміліся адзін ад аднаго.

— Часта атрымліваецца зьбірацца разам дзеля рэпэтыцыі?

ЛВ: Перад канцэртамі мы зьбіраемся два-тры разы, каб не аблажацца. Маглі б гэтага і не рабіць, але робім па-ранейшаму.

— Ці ёсьць яшчэ сэнс у існаваньні N.R.M.?

ЛВ: Пэрыядычна такія думкі ўзьнікаюць. Аднак пакуль ідзе вытворчы працэс, спыняцца няма сэнсу. Некалі я ляпнуў, што ў дэмакратычнай краіне наш гурт нікому ня будзе патрэбны. Аднак сёньня я не хачу даваць такія прагнозы. Магчыма, перародзімся ў нешта іншае. Некалі я таксама сказаў, што пасьля 50 гадоў не зьбіраюся займацца рок-музыкай, цяпер я не магу так адназначна гаварыць. Кіну сьпяваць, толькі калі на Беларусь зваліцца камэта.

Гутарыў Зьміцер Панкавец, «Наша Ніва»

Апублікавана 11.05.2007 by  Slaver. Абмяркаваць на форуме