Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › Аўтары найлепшых назваў для песень з новага альбому N.R.M. атрымалі прызы

Аўтары найлепшых назваў для песень з новага альбому N.R.M. атрымалі прызы

Пераможцы конкурса "Слухай! Прыдумляй! Выйгравай!", які рэдакцыя "Еўрапейскага радыё" праводзіла сумесна з міністрамі Незалежнай Рэспублікі Мроя, атрымалі прызы.

Аўтары найлепшых назваў для песень з альбому "06" сустрэліся з прадстаўнікамі ЕРБ падчас аўтограф-сесіі, якую ўдзельнікі гурта N.R.M. ладзілі на Сядзібе партыі БНФ 8 чэрвеня.

У залі яблыку не было дзе ўпасці: каля 100 прыхільнікаў N.R.M. выстраіліся ў чаргу па аўтографы, яшчэ столькі ж чакалі магчымасці пабачыцца з музыкамі ля ўвахода на Сядзібу. Падчас мерапрыемства былі прададзеныя ўсе наяўныя асобнікі "06" - больш за 100 плытак. На жаль, дыскаў хапіла не ўсім. Па словах музыкаў, дадатковы наклад з'явіцца ў Мінску заўтра, 11 чэрвеня.

Што ж да цырымоніі ўзнагароджання, дык яна адбылася проста падчас раздачы аўтографаў. Першымі свае прызы: падпісаныя музыкамі альбомы "06" і кнігі "222 альбомы беларускага року" - атрымалі Малайчынка і Zmicier. А вось для таго, каб аддзячыць за ўдзел у конкурсе Stanislau і Alan Dunk, Піту Паўлаву давялося выцягнуць некалькі плытак з "падскурных запасаў". Дыскі знайшліся ў аўтамабілі, які быў прыпаркаваны недалёка ад Сядзібы.

Прызы тых пераможцаў, якія не патрапілі на аўтограф-сесію N.R.M., чакаюць іх у рэдакцыі "Еўрапейскага радыё". Каб прызначыць сустрэчу і забраць у нас вашыя дыскі і кніжкі, адзначайцеся ў каментарах да гэтага артыкулу.

Апублікавана 11.06.2007 by  Андрэй.