Незалежны Рэспубліканскі Саюз Моладзі › Навіны › "Дзеля агульнай беларускай справы трэба ўмець дамаўляцца" "Дзеля агульнай беларускай справы трэба ўмець дамаўляцца"Вось ужо некалькі дзён у СМІ і на форумах у інтэрнэце шырока абмяркоўваецца сустрэча беларускіх рок-музыкаў з намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Алегам Праляскоўскім. Адны ўжо паспелі запісаць музыкаў у здраднікі, іншыя — называюць іх учынак “разумным прагматызмам”. Сваё меркаванне наконт гэтай сустрэчы выказаў “Салідарнасці” паэт Генадзь Бураўкін. На думку Генадзя Бураўкіна, разумны кампраміс паміж музыкамі і ўладай будзе толькі на карысць. — Я, канешне, не прысутнічаў пры гэтай размове, але нават не сумняваюся, што чыноўнікі прасiлі музыкаў адысці ад апазіцыйных спраў, не прымаць удзелу ў мітынгах і дэманстрацыях, а ўзамен паабяцалі ім выхад да масавага слухача — ратацыю на радыё і тэлебачанні. Як у гэтай сітуацыі паступяць музыкі — паглядзім. Наколькі я ведаю Вольскага, Хаменку, то не думаю, што яны здрадзяць сваім прынцыпам. Тым не менш пэўны капраміс з уладамі быў бы апраўданым. Будзем рэалістамі — у чыноўнікаў ва ўладзе значна большыя магчымасці спрыяння ў справе папулярызацыі іх творчасці. З’яўленне на радыё і тэлебачанні — гэта ўжо не тыя некалькі тысяч, што могуць пачуць цябе на мітынгах, гэта ўжо мільёны слухачоў. Генадзь Бураўкін бачыць пэўныя паралелі ў сённяшняй сітуацыі з савецкімі часамі, калі зрабіць нешта было магчыма, толькі інтэграваўшыся ва ўладныя структуры. — Сітуацыя з музыкамі ў нечым нагадвае савецкія часы. Дзеля агульнай беларускай справы трэба ўмець дамаўляцца. Гэта і ёсць палітыка. У свой час, калі я быў кіраўнком Белтэлерадыёкампаніі і даваў прамы эфір з Зянонам Пазьняком, мы з ім таксама на цывілізаваным узроўні дамаўляліся, што некаторыя лозунгі ён не будзе агучваць у прамым эфіры. І ён пагаджаўся, бо данесці сваю пазіцыю да людзей было важней. У палітыцы такія кампрамісы апраўданы. Канешне, я буду вельмі рады пачуць “Краму”, “N. R. M” і “Палац” па радыё. Але ўся справа, якой цаной гэта будзе дасягнута. І калі музыканты будуць рабіць пэўны крок, то я хацеў бы, каб гэты крок быў зроблены на карысць Беларусі. Анастасія Зелянкова |
© 2005–2009 НРсМ. Рухавік, падтрымка: Slaver. Дызайн Rohač. |