Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › «Народны альбом»: наш нацыянальны культ

«Народны альбом»: наш нацыянальны культ

Народны АльбомВялікабрытанія мае Морысі, ЗША - Green Day? Няхай будзе Брус Спрынгстын. А Беларусь – «Народны альбом». Нацыянальныя культы існуюць, і пачынаецца ўсё менавіта з такіх прасьвятленьняў, адкрыцьцяў, калі пераадольваюцца пэўныя межы, па-новаму асэнсоўваюцца нейкія падзеі. 18 сьнежня праекту «Народны альбом» – 10 год. З гэтай нагоды – вялікі канцэрт ва ўжо родным для ўсіх прыхількаў беларускай музыкі - клюбе «Фартуна». Чым стаўся за гэты час НА і ці можна чакаць ад праекту яшчэ сюрпрызаў?

Сьвяткаваньне пройдзе ў выглядзе песьняў-танцаў, удзел возьмуць Кася Камоцкая, Лявон Вольскі, Зьміцер Вайцюшкевіч, Міхал Анемпадыстаў, Вераніка Круглова завітае з самога Бэрліну ды іншыя, сапраўды доўгачаканыя госьцікі.

Менавіта зь сьнежню 1997-га «Народны альбом» зьявіўся ў продажы. Ня памятаю дакладна, колькі ўжо год стаіць мой «НА» на палічцы, але добра відаць, што сам дыск трэснуты, паламаны - ня шмат зь якімі беларускімі дыскамі здараюцца такія часавыя мэтамарфозы. Затое ў памяці замацавалася, як тады ўсіх захапіла «народнаальбомаўская» завіруха. Кожны, хто меў хоць якое-небудзь уяўленьне пра тагачасную беларускую культуру, слухаў «НА», размаўляў пра «НА» і захапляўся ім. З тае часоў «НА» ўвасобіўся ў выдатны падарунак, стаў унівэрсальнай тэмай для размоваў, нагодай выпіць, а што ўжо казаць пра «засьпяваць», калі тыя ж «Простыя словы» дагэтуль пяюць па пад'ездах і на задніх сядзеньнях турыстычных аўтобусаў. Хто ня ведае простыя словы «Простых словаў»? Нашая баляда з цудоўным філязофскім зьместам і наш гімн, які ўвайшоў з намі ў ХХІ стагодзьдзе. «НА» быў сапраўды першай ластаўкай - такі пэўны выбух: людзі, якія ціхенька рабілі сваю справу, проста сабраліся і забацалі гэткі шэдэўр, які, далібог, будзе цаніцца і слухацца да таго часу, пакуль сонца будзе сьвяціць, а музычныя носьбіты - чытацца.

«НА» таксама можна лічыць адным зь першых крокаў да папулярызацыі беларускай музыкі, надзвычай удалая спроба зрабіць музыку прымальнай і дасягальнай сярод насельніцтва (пераважна былі ўцягнутыя і актывізаваныя пласты насельніцтва з пачуцьцём гумара і якой-ніякой доляй адукацыі). «НА», да таго ж, зьявіўся вельмі своечасова і да месца - ня часта здараецца, каб часавыя і прасторавыя ўмовы былі так бліскуча выкананыя. Добра, каб раз на дзесяць год.

Чым стаў НА за гэтыя дзесяць год? Нашым маленькім культам, і ніяк інакш. Вялікабрытанія мае Морысі, ЗША - ня ведаю - Green Day? Няхай будзе Брус Спрынгстын. То бок, нацыянальныя культы існуюць, і пачынаецца ўсё менавіта з такіх прасьвятленьняў, адкрыцьцяў, калі пераадольваюцца пэўныя межы, па-новаму асэнсоўваюцца нейкія падзеі і вось - выдатны прыклад удалага супрацоўніцтва, проста таленавіты супольны праект, які сваёй надзвычайнай стылістычнай свабодай надалей нібыта разьнявольвае музыкаў.

Што тычыцца самой імпрэзы, Міхал Анемпадыстаў адразу адрэзаў: сюпрызаў, маўляў, ня будзе. «Бо ніякія сюпрызы і не патрэбныя! - даводзіць сваю думку ідэйны натхняльнік „НА“. - Канцэрт „Народнага альбому“ - гэта такі своеасаблівы спэктакль, і ён ня можа зьмяніцца, у ім ня можа быць сюрпрызаў. Уявіце сабе, што вы тэлефануеце рэжысэру „Тутэйшых“ і пытаецеся - ну, якія будуць сюпрызы? Тут завершаная форма, свая пэўная драматургія, і ўносіць у яе сюпрызы - ня бачу сэнсу». Але Міхал Анемпадыстаў глядзіць на гэта і зь іншага боку: «Але ў канцэрта штораз новае месца, публіка, зноў-такі, заўсёды розная… Усё гэта стварае адметную атмасфэру… Усе канцэрты, нягледзячы на тое, што сам прадукт гучыць у нязьменнай пасьлядоўнасьці, спраўджваюцца па-рознаму. І ў гэтым, на маю думку, галоўная інтрыга. Мы ня ведаем, што атрымаецца! Якія жарты ўзьнікнуць, якія, можа, удалыя імправізацыі… І ўсё гэта больш каштоўна, чымсьці нешта загадзя падрыхтаванае».

Хочацца толькі выказаць надзею, што надалей канцэрты «Народнага альбома» будуць праходзіць з такой жа стабільнай пэрыядычнасьцю, як і спэктаклі «Тутэйшыя». І, безумоўна ж, самы час замахвацца на перавыданьне.

Марыя Грудзько, «Тузін Гітоў»

Апублікавана 11.12.2007 by  Андрэй. Абмяркаваць на форуме