Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › Крамбамбуля прэзентавала ў Гомелі новую праграму

Крамбамбуля прэзентавала ў Гомелі новую праграму

Першы канцэрт праекта "Крамбамбуля" з праграмай "Хвалi пазiтыву" адбыўся 15 мая ў гомельскiм гарадскiм цэнтры культуры. Гурт выступiў са сваiмi лепшымi песнямi.

Канцэрт наведалi прыблiзна 200 гледачоў. Былi прэзентаваны дзве новыя кампазiцыi — "Дольчэ вiта" i "Хiцяра". 16 мая "Крамбамбуля" будзе спяваць у Магiлёве, а на наступным тыднi адбудуцца канцэрты ў iншых абласных цэнтрах i Мiнску.

Як зазначыў у iнтэрв`ю БелаПАН лiдэр праекта Лявон Вольскi, гэтую паездку гурту па Беларусi цяжка назваць турам. "Калi ездзiш цягам месяца, i не толькi ў Гомель, але i ў Мазыр, Калiнкавiчы, Рагачоў, — гэта было б турам, ды ў нас такое немагчыма ў прынцыпе з-за сiстэмы беларускага дзяржаўнага шоу-бiзнесу. Мы не зможам так акупiцца нiколi, бо ў нас вялiкi склад, i нават любая, не з такiм вялiкiм складам, "жывая" каманда наўрад цi акупiцца. Будзем спадзявацца, што дажывем да тых часоў, калi сапраўды гэта стане магчыма", — сказаў Л.Вольскi.

Паводле яго слоў, пасля вядомых падзей — сустрэчы рок-музыкантаў с прадстаўнiком Адмiнiстрацыi прэзiдэнта — сiтуацыя "крышачку змянiлася". "Пацяплела — ну i ладна, трэба выкарыстоўваць гэты момант", — дадаў Вольскi.

Разважаючы пра ўзрост "Крамбабулi", ён зазначыў, што для айчыннай сцэны гэта малады гурт: "Пяць гадоў — гэта не ўзрост для беларускага гурту, але такая ўжо дараславатая каманда. Скажам так — юнацтва прайшло".

Л.Вольскi назваў гомельскiх слухачоў публiкай еўрапейскага кшталту — "дасведчаныя людзi, ведаюць тэксты, нават новыя песнi сустракаюць, ловяць музычныя тонкасцi".

Лiдэр праекта лiчыць, што пазiтыву ў Беларусi не хапае. "Тут нiчога не хапае, бракуе ўсяго — праўды, радасцi, смеху, што не возьмеш, усе ў нас такое выкручанае крыху, з ног на галаву пастаўленае. Пазiтыў у нас — што ўсё своечасова прыбiраецца, чыста на вулiцах, на палях усё нармальна. Але гэта ж не пазiтыў. Стан душы, розум пазiтыўны — гэтага няма", — лiчыць Вольскi.

На пытанне, чаму гурт выступае без лiдэра "Ляпiса Трубяцкога" Сяргея Мiхалка, Л.Вольскi зазначыў: "Ён нiкуды не сыходзiў, але, праўда, i не быў паўнавартасным чальцом праекта. Яго запрасiлi на другi альбом. Цяпер Сяргей не мае зусiм часу, магчыма, ён далучыцца да нас у Мiнску 21 мая".

Алена Германовiч

Апублікавана 16.05.2008 by  Андрэй.