Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › NRM выступіць на Вольным Паветры?

NRM выступіць на Вольным Паветры?

19 ліпеня на хутары Шаблі, што пад Валожынам, адбудзецца трэці фестываль этнічнай музыкі “Вольнае паветра”. Сёлетні фэст стане міжнародным, бо да ўдзелу запрошаны вядомы расійскі этна-джаз гурт “Zventa Sventana”, і сямейным - для самых меншых наведвальнікаў фэсту адкрыецца летнік “Паветрык”, дзе дзецьмі будуць апекавацца прафесіяналы-мастакі. Апроч “стандартных” этнічных беларускіх гуртоў на фестывальную сцэну выйдуць “нефарматныя” госці - гурты “ДетиДетей” і “NRM”.

Фішкай кожнага фэсту становіцца прыезд вядомых замежных гасцей. У мінулым годзе “Вольнае паветра”, напрыклад, наведаў расійскі музычны крытык Арцемій Троіцкі, які параўнаў фэст з ціхім і натхняючым “этна-Вудстокам”.

Адзін з арганізатараў фэсту Уладзімір Шаблінскі расказаў "Еўрарадыё" пра адметнасці сёлетняй імпрэзы, назваўшы імёны гуртоў, якія дагэтуль не гралі на “паветранай” сцэне.

Уладзімір Шаблінскі: “Мы пакажам новыя музычныя гурты, якія не выступалі ў мінулыя гады. Магчыма, не ўсе яны вытрымліваюць фармат этна-музыкі: напрыклад, будзе ўдзельнічаць гурт “ДетиДетей”, якія граюць у крыху іншай стылістыцы, магчыма, выступяць "NRM" і Вайцюшкевіч з праектам “Я нарадзіўся тут”.

Аднак, па словах Шаблінскага, асноўны касцяк удзельнікаў складуць гурты, якія граюць этнічную музыку: штогадовыя ўдзельнікі фэсту гурт “Троіца”, “Палац”, “Нагуаль”, не зусім фарматны для фэсту, аднак вельмі цікавы гурт з Мсціслаўля “Хуткі Смоўж”…

Самае радаснае, што cёлета “Вольнае паветра” мае намер ператварыцца ў міжнародны фэст, які, як лічыць Уладзімір, стане адметнай падзеяй у культурным жыцці Беларусі.

Уладзімір Шаблінскі: “Зараз мы вядзем перамовы з расійскім гуртом “Zventa Sventana”… Будуць цікавыя нумары, вельмі годныя, і фестываль, безумоўна, стане ўнёскам у развіццё беларускай культуры”.

Разам з тым сёлетняе “Вольнае паветра” дае магчымасць наведаць фэст сем’ямі, дзеля чаго будзе арганізаваны дзіцячы летнік “Паветрык” з адмысловай праграмай для маленькіх. У выніку дзеці, на чале з гуртом “ДетиДетей”, выйдуць на галоўную сцэну і адкрыюць фестываль…

Каб стаць гледачом "Вольнага паветра" трэба зарэгістравацца на www.volnaepavetra.by.

Маша ЯР, Еўрапейскае радыё для Беларусі

Апублікавана 10.07.2008 by  Андрэй.