Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › Рок-Каранацыя пераязджае ў Маладзечна

Рок-Каранацыя пераязджае ў Маладзечна

Цырымонія ўзнагароджаньня лепшых музыкаў краіны "Рок-Каранацыя" адбудзецца 14 сакавіка. Арганізатары вырашылі перанесьці месца дзеі з сталіцы ў …Маладэчна. Упершыню за 14-гадовую гісторыю цырымоніі рок-музыкі выступяць у суправаджэньні сымфанічнага аркестру. Згоду на выступ ужо далі ўладальнікі галоўнай Рок-Кароны-2007 Neuro Dubel, а таксама героі мінулага году — "Ляпіс Трубяцкой", этна-трыё "Троіца", IQ48, "Детидетей" ды іншыя. Падрабязнасьці пра цырымонію на ТГ.

Заснавальнік і прадусар "Рок-Каранацыі" Юры Цыбін кажа, што надта закарцела выйсьці за звыклыя межы ранейшых цырымоніяў. У тым ліку і геаграфічныя. Таму "Каранацыя" часова пераедзе ў Маладэчна і пройдзе ў мясцовым Палацы культуры 14 сакавіка. Да ўсяго ўдзел у ёй возьме заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь сымфанічны аркестар музычнай вучэльні Маладэчна. У аркестровым суправаджэньні і выступяць вядучыя рок-каманды краіны.

Усяго ў "Рок-Каранацыі" возьме ўдзел з тузін камандаў. Ужо далі папярэднюю згоду гурты "Ляпіс Трубяцкой", этна-трыё "Троіца", IQ48, "Детидетей", "Стокс", а таксама гурты з рэгіёнаў — "Авангардшкола" (Магілёў), "Садъ" (Берасьце), "Князь Вітаўт" (Полацак). Мяркуецца, што выступіць і Лявон Вольскі. Адкрые цырымонію выступ уладальнікаў галоўнай Рок-Кароны-2007 Neuro Dubel.

Выступоўцы сыграюць па дзьве песьні — адну зь іх з аркестрам.
Ужо вызначаны сьпіс намінацыяў сёлетняй цырымоніі — "Альбом году", "Песьня году", "Кліп году", "Выканаўца году", "Традыцыі і сучаснасьць", "Рок-князёўна" і "Рок-Карона".

Сёлета "Рок-Каранацыя" апошні раз пройдзе пад гэтай назвай. Налета ад слова "рок" у назьве вырашана адмовіцца.

Апублікавана 28.01.2009 by  Андрэй.