Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › Час Русі і Андруся

Час Русі і Андруся

Досыць нечаканы дуэт Руся і Андрусь Такінданг засьпявалі песьню на словы Лявона Вольскага «Гэты час». Лідэр N.R.M. напісаў яе пад нахтненьнем ад творчасьці Хэндрыкса. Салістка Akana-NHS спачатку не прыняла яе, а потым зачаравалася, а лідэр Recha дагэтуль скептычна ставіцца да сваёй вакальнай партыі, але ўдзячны лёсу за тое, што сышоўся з рок-князёўнай. Інтэрнэт-прэм’ера песьні «Гэты час» толькі на ТГ.

Тэкст «Гэты час» Лявон Вольскі напісаў для праекту, прысьвечанаму 60-м гадам мінулага стагодзьдзя, рэліз якога павінен адбыцца ў чэрвені. «Яна пісалася, як завяршальная і сымбаль пераходу ў новы этап — 70-я, — апавядае Лявон. — Натхняўся творчасьцю Хэндрыкса ды іншых прагрэсіўных гуртоў тых часоў». Музыка кажа, што не пісаў яе адмыслова пад пэўны дуэт, але пра выбар менавіта гэтых выканаўцаў — Русі і Андруся — не шкадуе: «Лягло ўсё блізка да ідэалу». Вольскі нават не выключае, што ўключыць «Гэты час» у свой уласны рэпэртуар.

Андрусь Такінданг прызнаецца, што скептычна ставіцца да свайго вакалу ў гэтай песеньцы. «Але з Русяй працаваць было адно задавальненьне», — дадае лідэр гурта Recha.

Сама Руся адказвае Андрусю ўзаемнасьцю: «Мы з Такіндагам сапраўдныя зоркі. З нас сапраўды атрымалася добрая парачка. А яшчэ я зьвярнула ўвагу ня толькі на яго артыстычнасьць, але і на душэўнасьць і дабрыню». Руся прызнаецца, што спачатку песьня ёй не спадабалася, падалося, што скляпаная на хуткую руку. «Але чым больш я працавала над ёй, тым больш блізкай яна для мяне станавілася. І ўрэшце стала Маёй», — кажа сьпявачка.

Спампаваць песьню можна на сайце Тузін Гітоў.

SB, ТГ

Апублікавана 28.05.2009 by  Андрэй.