Незалежны Рэспубліканскі Саюз Моладзі › Артыкулы › Нашы ў горадзе! Нашы ў горадзе!Горад стамляе ўсіх, стамляе і мяне. Сваімі чэргамі, перапоўненым транспартам... Але самае невыноснае – назіраць за тым, як горад губляе сваю беларускую душу, калі зь ёй і сам губляеш частку самога сябе ў гэтым антыбеларускім Садоме... І таму пачуцьцё невыразнай удзячнасьці ўзьнікае калі сутыкаесься з простай гандляркай бульбы на “заходнім” кірмашы, якая шчыра вітае цябе на прыгожай беларускай мове, калі на Жданах зойдзеш у музэй, дзе абсалютна бясплатна можна датыкнуцца да рэчаў зь мінулых стагодзьдзяў, якія зроблены руплівымі рукамі нашых продкаў, і зусім лічыш удалым дзень, калі сярод паперак, раскіданых на прыпынку, знаходзіш чарговы артэфакт у сваю калекцыю – рэкляму канцэрта “Accept”, на якой анансуецца і выступ (які, на жаль, не адбыўся) больш хвалюючага мяне цяпер “Тэзаўруса”... Раніцай новага дня я зноў заглыбляюся ў свой роздум, але дрэнныя думкі ўжо стараюся праганяць, напяваю пра сябе ўлюбёныя мэлёдыі любімых гуртоў... Раптам мае ўнутраныя сьпевы матэрыялізуюцца: на адным з гарадзкіх біг-бордаў бачу знаёмыя ўсьмешкі на інтэлігентных тварах музыкаў гурта “N.R.M.”: нашы ў горадзе! Амаль усім маім спадарожнікам у аўтобусе твары Вольскага, Паўлава, Дземідовіча і Ляўкова не здаюцца знаёмымі. Толькі маладыя хлопец і дзяўчына за маёй сьпіной таксама заўважаюць на вялізарных шчытах сваіх куміраў і пачынаюць абмяркоўваць тое, калі зьявіцца чарговы альбом гурта, што пазірае з біг-борда. Я ж пачынаю па-новаму разумець схаваны сэнс любімай песьні: “Мы закрычым: “На aBOARDаж!!!”, і гэты горад будзе наш...”. І яшчэ, хочацца зьняць капялюш і сказаць: “Вялікі дзякуй самі ведаеце якой кампаніі, самі ведаеце за што, якія ў самі ведаеце які час падтрымліваюць чым могуць беларускіх музыкаў, дапамагаюць вяртаць беларускае аблічча любімаму гораду!” |
© 2005–2009 НРсМ. Рухавік, падтрымка: Slaver. Дызайн Rohač. |